Траса на Падгорнай – дарога ў нікуды 10 верасня 2008 года
Грандыёзныя земляныя работы на вул. Падгорнай скончыліся. Аднак новая дарога парадаксальным чынам вядзе… да маленькага тунэльчыка пад чыгункай на вул. Падольнай.
Праведзеныя работы абышліся гораду ў велізарную колькасць грошай. Знесеныя каля дзясятка дамоў, перасунутыя грандыёзныя аб’ёмы грунту, выкарыстаныя горы пліткі, бетону і асфальту – усё гэта дзеля таго, каб дарога, імкліва прабегшы нейкія 400 метраў, раптам павярнула на 90 градусаў направа і… вывела да знаёмага тунэльчыка пад чыгункай на Падольнай. Які ж сэнс гэткай рэканструкцыі, запытаецеся. Адказ відавочны: нехта надта ж хацеў зарабіць на “засваенні” дзяржаўных грошай, і яго зусім не клапацілі перспектывы задуманага будаўніцтва.
Дарога на Падгорнай выглядае як недаробленая. Гэтак і ёсць. Архітэктары прэзэнтуюць яе як рэалізацыю першага этапа рэканструкцыі вуліцы: далей Падгорная павінна неяк “пераскочыць” праз чыгунку.
Можна з упэўненасцю гарантаваць, што ніякага наступнага этапа будаўніцтва працяга Падгорнай не будзе яшчэ шмат гадоў. Не будзе таму, што ўсе праекты магчымага працяга вуліцы папросту фантастычныя паводле каштарысу! Зараз будаўнікам трэба альбо падымаць дарогу ўгору і выводзіць яе на Будзёнага, ці будаваць эстакаду над чыгункай, або капаць пад ёй тунэль. У першым выпадку, трэба знесці шэраг катэджаў на ўзгорку і выцягнуць дарогу пад нейкім фантастычным вуглом, у другім – выдаткаваць процьму грошай на эстакаду і знесці ніжнія ярусы Скідзельскага рынку. А трэці варыянт наагул немагчымы, паколькі за чыгункай рэльеф павышаецца, і выхад з запланаванага тунэлю будзе толькі недзе ў раёне памежнай часткі і могілак!
Атрымліваецца, што грошы былі выдаткаваныя ў нікуды, папросту каб абгрунтаваць даражэзную і бессэнсоўную рэканструкцыю Старога Моста. Агулам, усе гэтыя будаўнічыя мерапрыемствы каштавалі не нашмат менш, чым каштавала бы пабудова новага чацвёртага моста праз Нёман у раёне чыгуначнага моста. У наступныя год-два будаўнікі займуцца паступовым разбурэннем гістарычнага ландшафта ў раёне даліны Гараднічанкі, будуючы гэтак званы дублёр Вялікай Траецкай, а новая Падгорная на гады застанецца прыкладам бессэнсоўнасці, сквапнасці і злачыннага ігнаравання грамадскай думкі і здаровага сэнсу. Выйграе ад гэтай дарогі хіба толькі той чалавек, чый гараж стаіць зараз на самым канцы шырачэзнай вуліцы: зараз ён зможа залятаць да сябе нават не спыняючы аўтамабіль.
| |
Вул. Падгорная
|
|
Апошнія каментарыі:
|
|
Вам бы только хаять !!! Между прочим эта дорога(Подгорная), увела транспортный поток с Подольной, где находится начальная школа №1. Теперь и родители детишек в школу отпускают спокойнее, и водителям проще проехать (дорога шире и подальше от школы). Кроме этого переход с 2 полос на 4 (к танку) плюс светофор снимает вопрос о пробках... |
|
|
To Yurka... navoshta tak nervavacca , geta zh prosta vasya!!! |
|
|
Василий, не, не зразумела. Не зразумела ваша логіка. Якому генплану гэта дарога адпавядвае? Таму з 2003 г., які падпісаў Лукашэнка? У якім прапісана, што транспарт трэба вывесці з цэнтра? А ваша "логіка" заключаецца ў тым, што трэба ўзмацніць нагрузку на гістарычны цэнтр. Мяркуйце самі, новая вуліца па Падгорнай з яўляецца працягам транспартных плыняў, якія і будуць ісці з Карла Маркса ды з дублёра Траецкай. г.зн. з цэнтра. І вогуле навошта Саўчанку было выцягваць замшэлы план 60х гадоў, якогасьці савецкага архітэктара. Навошта вогуле гэта новая вуліца, калі ёсць Падольная? |
Праглядзець усе выказванні (Усяго 5)
|
|