МГА Гісторыка

РЭКАНСТРУКЦЫЯ

Аналітыка
У прэсе
Фотахроніка
Горадня заўтра

ГІСТОРЫЯ

Галерэя
Слаўныя імёны
Бібліятэка

 

Гасцёўня
Статыстыка
Апошнія каментарыі
Альтэрнатыва
Каложа
Савецкая пл.
Савецкая вул.
Стары мост
Транспартная сістэма
Замкі
Новы Свет
Канструктывізм
Парк Жылібера
Гарадніца
Археалогія
Грамадская актыўнасць
Замежны вопыт
Экалогія

Пошук па сайце

Google

Андрэй Чарнякевіч. Старонкі гісторыі Беларускай Гародні

“Беларуская Вандэя”

Талерантыя, памяркоўныя, стрыманыя – часамі гэтыя эпітэты ў адносінах да беларусаў набываюць зусім іншы сэнс: абыякавыя, безідэйныя, бездапаможныя. Тым не меньш, у нашым мінулым дастаткова прыкладаў чыннага супраціву, якія абвяргаюць склаўшыся стэрэатып. Адным з іх можа быць беларускі антыпольскі рух на Гродзеншчыне.

З вяртаннем на Радзіму былых уцекачоў на пачатак 1920-х гадоў антыпольскія настроі выліліся ў сапраўдную партызанскую вайну, амаль забытую сёння. Барацьбу супраць польскай улады ўзначаліла партыя беларускіх эсэраў (БПС-Р) у цесным супрацоўніцтве з Ковенскай Літвою. Паводле плана, распрацаваным у генштабе літоўскай арміі, на Віліншчыне паўстанне павінны былі ўзняць літоўцы, тады як на Гродзеншчыне – урад БНР і БПС-Р. Для непасрэднага кіраўніцтва паўстаннем на месцах былі створаны чатыры групы. Штаб чацвёртай з іх на чале з Вячаславам Разумовічам, прыняўшым псеўданім “атаман Хмара”, размяшчаўся ў мястэчку Мерыч паблізу польска-літоўскай мяжы і адказваў за гродзенскі напрамак. Паводле ўласных сцвярджэнняў В. Разумовіча, за кароткі час яму ўдалося стварыць некалькі дзесяткаў баявых груп агульнай колькасцью каля шасці тысяч чалавек.

Кіруючым цэнтрам беларускага антыпольскага руху ў самім Гродна стаўся Гродзенскі беларускі нацыянальны камітэт, а канспіратыўныя сустрэчы беларускага падполля адбываліся ў будынку Барыса-Глебскага манастыра ў памяшканні беларускай школкі. У Гродзенскі акружны штаб беларускіх партызан ўваходзілі: А. Трыпуза, які выконваў абавязкі падпольнага каменданта горада, А. Гораш, Н. Козіч – былы сябра Рады БНР, М. Парук і П. Якубецкі. Аддзел прапаганды пры штабе ўзначальвала Е. Матэйчук. Акрамя гэтага, найблізшымі прадстаўнікамі В. Разумовіча ў Гродна з’яўляліся Ільючык, М. Карповіч, В. Юрэчка, Чулкоў і С. Якавюк. Ужо зімою 1922 года распачынаецца падрыхтоўка да тэрарыстычных акцый. Па загаду атамана Хмары партызаны рыхтаваліся ўзарваць штаб польскага камандавання ІІІ корпуса ў Гродна, а М. Карповіч меў арганізаваць замах на гродзенскага старасту.

Адным з галоўных дзеячоў беларускага антыпольскага партызанскага руху на Гродзеншчыне з'яўляўся Аляксандр Станкевіч-«Пугачоў», які паводле польскай дэфензівы быў арганізатарам партызанскага атраду ў самім Гродна. А. Станкевіч вывез у Літву мясцовага жыхара Івана Васілеўскага і хаваўся пад ягоным прозвішчам. Пры арышце польская паліцыя знайшла ў яго пісталет, карту Гродзеншчыны, складзеную нямецкім Генштабам, некалькі адозваў В.Разумовіча-«Хмары», інструкцыю да кіраўнікоў партызанскіх аддзелаў і лісты з патрабаваннем да апошніх худчэйшай арганізацыі атрадаў у Галынскай і Індурскай гмінах.

Партызанскія атрады часцей за ўсё складаліся з мясцовых жыхароў, якія пакідалі хаты толькі на час выканання пэўнай аперацыі. У паветах, дзе дзейнічалі партызаны, меліся склады зброі, амуніцыі, выбуховых рэчываў і атруты. Усё гэта было падрыхтавана супраць польскага войска і паліцыі. У сваёй дзейнасці партызаны апіраліся на шырокую падтрымку мясцовага насельніцтва. Яны нападалі на адміністратыўныя ўстановы, ваенна-паліцэйскія аб’екты, маёнткі і сядзібы асаднікаў і г.д.

Сярод паўстанцкіх атрадаў у першую чаргу выдзялялася група Германа Шыманюка-“Скамароха”, які паходзіў з вёскі Грабавец Бельскага павету. Па вяртанню з бежанства, дзе Г. Шыманюк працаваў артыстам маскоўскага тэатра «Буфф», ён становіцца на чале Бельскага павятовага падпольнага штабу. У худкім часе, разам з атаманам Хмарай, Скамарох едзе ў Коўна, дзе ў савецкім пасольстве падпісвае ўмову аб падтрымцы Савецкай Расіяй паўстання супраць Польшчы. Вясной 1922 года ён з Я. Грыцюком-“Чортам” арганізаваў атрад у 15-24 чалавек, які распачаў актыўную дзейнасць. 7 красавіка атрад напаў на дом ляснічага Алькевіча ў в. Вітава Бельскага павету. 17 красавіка падпаліў склады з дрэвам каля чыгункі Чэромха–Гайнаўка перад праездам поезда з польскім урадам, які накіроўваўся ў Вільню на свята аб’яднання Віленшчыны з Польшчай. Каля складаў быў пакінуты “Ўльтыматум” з забаронай палякам вывозіць лес з Белавежскай пушчы, як “багацця беларускага народу”. 26 красавіка партызанамі былі забіты чатыры жыхары в. Белая. 29 красавіка атрад Я. Чорта напаў на пост паліцыі ў в. Кляшчэлі. Былі забіты два паліцэйскіх і рэстаратар. “Сярод шырокіх колаў мясцовага насельніцтва, – пісала аб атрадзе Чорта-Скамароха газета “Dziennik Grodzienski”, – гэтаму атраду надаюць значэнне, як часткі арганізаванага беларускага войску, сражаючагася за вольнасць свайго роднага краю”.

У адказ на тэракты, гродзенскай паліцыяй была накіравана карацельная экспедыцыя ў Парэчча і Бершты, аднак партызанаў яна не знайшла. Ужо на наступны дзень каля станцыі Марцынконіс была разабрана чугунка, а солтыс вёскі Кабеляй знайшоў і спаліў дваццаць кілаграмаў адозваў з заклікам супраць Польшчы. Больш уданай аказалася наступная экспедыцыя, калі было захоплена дзевятнаццаць партызан з атрада Скамароха, тым ня меньш, самаму Г. Шыманюку ўдалося ўцячы…

Здейсніць свае планы па арганізацыі ўсеагульнага паўстання беларускім эсэрам не ўдалося. Польская дэфензіва з дапамогай правакатараў на сярэдзіну 1922 года раскрыла эсэраўскае падполле. Усяго, згодна польскаму гісторыку М.Таборскаму, з 1921 па 1923 гады ў Гродне і Гродзенскім павеце польскімі ўладамі за прыналежнасць да беларускага нацыянальнага руху было рэпрэсавана 126 чалавек.

Паступова збройная акцыя спыняецца. “Мясцовае аседлае насельніцтва, – гаварылася ў рапарце дэфензівы, – ужо стамілася ад няпэўнасці, тады як перспектыва новай вайны ці паўстання пагражае канчатковым знішчэннем нават таго, што засталося… Гэта падштурхоўвае беларускіх дзеячаў да працы ў галіне культурніцкай і легальнай. Мара а Незалежнасці, а Незалежнай Беларусі зыходзіць з парадку дня, губляючы адпаведнасць бягучаму моманту”.


Прытулак для беларускіх дзетак

Не так даўно пры ўваходзе ў шынок «Несцярка», што размясціўся ў будынку гродзенскага тэатру на месцы былога Барыса-Глебскага манастыра, з’явіўся заклік – «Смакуй беларускае!». Цудоўная моц гэтага ўзвышша над Нёманам прыцягваць да сабе беларускаць, няхай і ў гэткім выглядзе, кідаеца ў вочы нават зараз…

Цэнтрам беларускага жыцця Барыса-Глебскі манастыр стаўся выпадкова, калі сюды пад час Першай Сусветнай вайны з Краснастокскага манастыра з-пад Беластоку быў пераведзены дзіцячы прытулак для дзяўчынак. Каб існаваць і далей, ён патрабаваў сталай дапамогі. Ад гэтага залежала жыцццё дзетак-сірат, для якіх муры гродзенскага манастыра сталіся апошнім сховішчам. Ратаваць будучыню свайго народу ўзялася беларуская інтэлігенцыя, прыняўшая вызванне лёсу. У 1917 годзе ў Гродне ствараецца філіял Віленскага беларускага дабрачыннага таварыства “Золак”. Ён бярэ на сябе дагляд над праваслаўным прытулкам, адначасова стараючыся надаць яму беларускі характар. Аднак, у 1919 годзе з пачаткам польскай акупацыі “Золак” распаўся і прытулак у другі раз застаецца без апекі. Польскія ўлады быццам бы забыліся аб ім. У выніку, каб пракарміць больш за сто дзетак, першая загадчыцца прытулку Марыя Фірмхін аддала на яго карысць усю сваю маёмасць, аднак, гэтага было за мала, каб перамагчы голад і хваробы.

13 лістапада 1919 года дзяўчынкі-сіраты звярнуліся за дапамогай да прэм’ер-міністра БНР Антона Луцкевіча, які праз апякуна прытулку Лукаша Дзекуць-Малея даслаў у Гродна гэтак патрэбныя грошы. Тады ж з дапамогай Мінскай беларускай школьнай Рады мясцовы нацыянальны камітэт арганізуе асобны дабрачынны адзел, замяніўшы «Золак», а пры прытулку адчыняецца беларуская школка на чале з Серафімай Кішкай. Сам прытулак пашыраецца і ў ім акрамя дзяўчынак з'яўляюцца хлопцы. На травень 1921 года ў прытулку ўтрымлівалася 20 хлопцаў, 83 дзяўчыны і 18 старых, што таксама патрабавалі апекі. За гэты час на 38 зваротаў у справе прытулку Гродзенскі БНК атрымаў ад польскіх уладаў 18 адмоўных адказаў і… 81 фунт мыла.

“Прытулак знаходзіцца ў самых цяжкіх варунках. – Пісаў у верасні 1921 года ў сваім мемарыяле да міністра беларускіх спраў Літвы старшыня Гродзенскага БНК С. Баран. – Польская палітыка скіравана да таго, каб голадам заставіць дзяцей перадаць у іх апеку…”. З другога боку на прытулак, а дакладней на дзяржаўныя субсыдыі, пачынаюць прэтэндаваць былыя расейскія чыноўнікі разам з праваслаўнай царквой. Аднак, мясцовыя беларусы добра разумелі наколькі важна захаваць беларускае аблічча прытулку. У сваім лісце да старшыні Варашаўскага БНК Л. Дубейкаўскага, які пераняў на сябе дагляд над дзяцьмі, прадстаўнік камітэту П.Тамашчык пісаў: “…Карысней было б, каб прытулкам кіравала зусім новая, свежая асоба. Гэта найясней дало б адчуць маскоўскім прыслужнікам, што іх права на прытулак скончыліся на заўсёды…”.

Гэткай асобай стала Станіслава Буйло – родная сястра беларускай паэткі Канстанцыі Буйло-Калечыц. «Дзядзечка даражэнькі! – Пісала Станіслава Буйло ў красавіку 1921 года з Гродна ў Варшаву да Л. Дубейкоўскага. – «Як трывога, дык да Бога». Таксама і я. Так цяпер у нас пагана жывецца без грошаў, што… із гэтай бяды села і Вам пісаць. Можа, Дзядзечка, Вы так дзе выклянчыце трохі грошаў… Ад ураду не атрымліваем грошаў саўсім. Нават у магістрату нам не далі за два месяцы… А тут, як на большае нашае гора, цэны страшэнна пайшлі ўгару. Кожны месяц у нас быў расход 40 тысячаў, а ў гэтым дзеці галадалі і расход – 70 тысячаў. На дзяцей я проста глядзець не магу. Вакон няма, дзверы не зачыняюцца. Дзеці лёгка адзеты, галодныя, гэта штосьці страшэннае… Я з гэтага ўсяго расхварэлася і ляжу ўжо другі тыдзень, але добра, што хоць цяпер нічога не бачу і не ведаю… Дык хутка мусіць і трэба будзе перастаць есці – прадуктаў жа амерыканскіх толкі яшчэ на дзён сем хопіць. Палажэнне страшэннае… Калі можаце, Дзядзечка, памагчы чым-небудзь, дык памажыце».

Відаць, Л. Дубейкоўскі зрабіў ўсё каб выратаваць прытулак. У другім сваім лісце С. Буйло зварочвалася да яго з гэткімі словамі: «Дзядзечка даражэнькі! Даруйце, што дагэтуль не напісала, не падзяквала за дапамогу, вельмі ў час прысланую. Дзякаваць Богу, так неяк трохі маркі да нас ад таго часу паплылі, й ужо не галадаем і трохі вокны ўставілі… Толькі здароўя, Дзядзечка, здароўя няма. Вось бяда. Як зробіцца гарачка пад 39 [градусаў], дык ужо ляжу як пласт і гатоўлюся паміраць, тады ўжо большым пэўная, што ўжо ніколі не ўстану, а сягоння крыху лепей, дык зноў робіш планы, зноў жывеш жыццём здаровага чалавека. Ну, надакучыла Вам Дзядзечка, але гэта яшчэ вясёлы ліст. Каб у другім часе пісала, дык бы яшчэ горш надакучыла пісанінай сваёй…». Лёсам было наканавана, каб у лютым 1922 году Станіслава памёрла.

Тым часам у прытулку адбываюцца значныя перамены. Больш сталыя дзеці былі пераведзены ў Вільню, дзе частка з іх пайшла вучыцца ў віленскую беларускую гімназію, тады як у Гродна засталіся толькі самыя малыя, якіх паміж сабой падзялілі праваслаўны кансысторый і беларускі прытулак. Усяго на 1923 год ў Барыса-Глебскім манастыры знаходзілася 46 дзетак. Адначасова, каб пазбавіцца ад непажаданых асобаў, стараства даручыла кіраўніцтва прытулкам Беларускаму апякунчаму камітэту, які складаўся з лаяльных да ўлады людзей і хутка быў рэарганізаваны ў Гродзенскае беларускае дабрачыннае таварыства. У выніку, беларускі прытулак пераўтвараецца з цэнтру беларускага руху ў крыніцу сварак і бясконцых скандалаў, а колькасць дзяцей-сірат, што даглядаліся ў прытулку, на пачатак студзеня 1927 года зменьшылася да 32 чалавек. Адарваўшы прытулак ад уплываў беларускіх арганізацый і канчаткова яго скампрамітаваўшы, улады, у рэшце рэшт, вырашылі яго зачыніць, за непатрэбнасцю…

На мяжы 1927-1928 гадоў, пасля больш чым дзясяцігадовага існавання, беларускі прытулак знік з мапы Гародні, а разам з ім згас беларускі агенчык ў Барыса-Глебскім манастыры.


Барыса-Глебскі манастыр стаўся калыскай і апошнім прытулкам беларускага нацыянальнага руху ў Гродне. З 1916 па 1930 год у ім знаходзіліся беларускія школа і канцылярыя Беларускай вучыцельскай рады, сакратарыят Беларускага пасольскага клубу і Беларуская школьна-прытулкавая рада, Беларускі камітэт помачы пацярпелым ад вайны і рэдакцыя газеты “Селянская гутарка”, беларуская кнігарня і Гродзенскае аддзяленне Беларускага інстытута гаспадаркі і культуры. У манастарскіх келлях жылі А. Грыкоўскі, Л. Дзекуць-Малей, А. Кухарчук, А. Шах, С. Кішко, С. Буйло, Д. Лічыцкі, М. Амельянчык, Е. Буднік, Л. Лукашык і іншыя беларусы.


Беларускія паслы

Каб трапіць ад узвышша над Нёманам, дзе калісці нараджалася беларускі нацыянальны рух, на плошчу побач з Фарным касцёлам, трэба прайсці ўсяго толькі некалькі хвілін уздоўж былой фабрыкі Шэрэшэўскіх. Беларусам, перш чым яны выйшлі з-пад манастырскіх скляпенняў на плошчу, пераўтварыушы ідэю нацыянальнага адраджэння з кволай мроі ў палітычную сілу, спатрэбіўся не адзін год. Услед за ксяндзом Ф. Грынкевічам і ягонымі наступнікамі, якія кінулі першыя беларускія зярняткі на гродзенскую глебу, на пачатку дваццатых гадоў прыйшоў час для новых сейбітаў беларускасці.

Яшчэ у студзені 1919 года мясцовае польскае насельніцтва накіравала дэпутатаў ад Гродна ў Заканадаўчы Сейм Польшчы. Аднак, Беларуская гродзенская ўправа апратэставала выбары, так як гэта бы азначала ўваходжанне краю ў склад польскай дзяржавы. Па гэтай жа прычыне, у Заканадаўчым Сейме не было ні воднага прадстаўніка ад беларусаў.

У 1922 годзе сытуацыя змянілася. Зараз, калі Гродна па ўмовах Рыжскага міру адыйшоў да Польшчы, пасольскія мандаты давалі магчымасць галосна заявіць аб сваіх правах і адкрыта бараніць іх. Беларусы, разам з прадстаўнікамі іншых нацыянальных меньшасцяў стварылі блок, атрымаўшы назву ад месца ў агульным выбарчым спісе – блок № 16. Першым нумарам у спісе па Гродзенскай выбарачай акрузе ад “шастнацаткі” шоў Сяргей Баран – былы старшыня Гродзенскага БНК. Адначасова, мясцовыя беларусы балатаваліся па іншых акругах: С. Якавюк і М. Якімовіч – па Астравецкай, а К. Бялецкі з А. Трыпузай – па Беластоцкай.

Выбары ў Першы Сейм былі сапраўдным выпрабаваннем для беларускага руху на сталасць, але намаганні ўладаў арыштамі і інтрыгамі запалохаць, раскалоць беларусаў аказаліся дарэмнымі. У якасці адзінага цэнтру ў сярэдзіне жніўня 1922 года ў Гродна ствараецца Беларускі выбарчы камітэт, у склад якога ўвайшлі С. Баран, У. Федарук, А. Сініла і інш.. Адначасова па павету было заснавана 15 выбарчых камітэтаў. У верасні 1922 года пасля з’езду прадстаўнікоў акруговых і паветовых беларускіх камітэтаў прыйшла чарга прадвыбарчых мітынгаў. У выніку, калі настаў час ісці да выбарчых урнаў, за спіс № 16 па Гродзенскай акрузе прагаласавала каля 27 тысяч чалавек, па Астравецкай – каля 19 тысяч і Сяргей Баран з Сямёнам Якавюком сталіся першымі гродзенскімі беларускімі пасламі.

А ўжо праз месяц С. Баран выступіў у Сейме з заяваю супраць арыштаў гродзенскіх беларусаў. Упершыню, мабыць, мясцовыя польскія ўлады адчулі сапраўдную моц беларускага руху. Ужо 8 красавіка з Гродзенскай турмы былі вызвалена 23 зняволенных з ліку арыштаваных дагэтуль 47 беларускіх дзеячоў. А яшчэ праз тыдзень Сяргей Баран і Адам Станкевіч разам выступалі на мітынгу ў Гродна.

1 траўня С. Баран у чарговы раз выступае на мітынгу ў Гродна, як раз на цэнтральнай гарадской плошчы. Вось калі, здавалася б, беларускі рух, нарэшце, здолеў ахапіць вялікія масы. Аднак, ужо 9 чэрвеня С. Баран быў арыштаваны і ў хуткім часе асуджаны. Сымон Якавюк, каб не спакушаць лёс, паспеў уцячы ў Коўна, і меньш чым праз год пасля выбараў, беларуская Гародня зноў засталася без свайго прадстаўніцтва ў Сейме. “Пакуль пасол С. Баран не быў арыштаваны, – пісала газета “Наш сцяг” у жніўні 1923 года, – Гродзеншчына была ажыўлена ад часу да часу мітынгамі... Цяпер, як страцілі мы пасла С. Барана… апынуліся ў загнаным, беспрасветным становішчы. …Вельмі пажадана, – скончваўся наступнымі словамі артыкул, – каб беларускія паслы, якія раз’яжджаюць па Віленшчыне, не забыліся і аб Гродзеншчыне…”. Першым, хто адгукнуўся на гэты заклік, быў Павел Валошын. Ужо ў жніўні–верасні 1923 года ён наведаў з пасольскімі сходамі Алекшыцы, Кузню, Зельву. У 1925-1926 гадах дзейнасць беларускіх паслоў дасягае піку сваёй актыўнасці. У Гродна прыязджаюць С. Рак-Міхайлоўскі і Б. Тарашкевіч, Васіль Рагуля і Фабіян Ярэміч, сенатар Аляксандр Уласаў. Толькі П. Валошын быў тут каля дзесяці разоў.

І зноў улады, каб стрымаць беларускі рух, сягнулі да правераных сродкаў. Аднак, арышты беларускіх паслоў і судовы працэс над імі прывялі толькі да часовага заціша. Пасля чарговых парламентскіх выбараў у 1928 годзе іх месца ў Сейме займае Беларускі рабоча-сялянскі пасольскі клуб «Змаганне», а ягоныя паслы: Флягонт Валынец, Ігнат Дварчанін, Іван Грэцкі і Павел Крынчык неаднойчы наведваюцца на Гродзеншчыну. У жніўні 1929 года ў самім Гродна пачаў дзейнічаць павятовы сакратарыят “Змагання”, які з перапынкамі праіснаваў каля году. Апошні на Гродзеншчыне мітынг “Змагання” адбыўся 19 жніўня 1930 года ў Алекшыцах і скончыўся трагічна. Паслы І. Дварчанін і Ф. Валынец пад час праваслаўнага ходу сабралі на плошчы паміж цэрквою і школаю каля 2 тысяч чалавек. Пакуль паліцэйскія прабіраліся праз натоўп, І. Дварчанін выступіў з кароткай прамовай: “…Хутка будзе вайна. Беларусь стане незалежнай. Кроў пралейце, а сваё дабудце!” – паспеў выкрыкнуць ён. Калі да пасла прарвалася паліцыя, той выстраліў у іх бок з рэвальвера. У паліцэйскіх паляцелі з натоўпа камяні. Тыя пачалі страляць у адказ. У стварыўшайся мітусне беларускія паслы паспяшаліся ад’ехаць фурманкай у бок Індуры, дзе іх і арыштавалі. У выніку, Гродзенскім акруговым судом Ф. Валынец і І. Дварчанін былі прыгавораны да 6 год катаргі, а разам з імі – яшчэ 15 чалавек з удзельнікаў мітынга…

Большасць беларускіх паслоў прайшлі праз турмы, прычым ня толькі польскія, але і савецкія, дзе, дарэчы, амаль усе яны і загінулі. Гэтую яшчэ адну сваеасаблівую традыцыю мясцовага парламентарызму, калі беларускія дэпутаты з парламенскай трыбуны трапляюць за турэмныя краты, у Гродне захавалі і да нашых дзён, аб чым далей…


Ад Маркевіча да Маркевіча, або з гісторыі беларускага перыядычнага друку ў Гродне

Яны сядзелі на сходах палацу тэкстыльшчыкаў, пад ценям псеўдаантычных калонаў у самым цэнтры Гродна і пілі піва. Былы пасол, па сучаснаму дэпутат, Вярхоўнага Савета БССР ХІІ склікання, Мікола Маркевіч і ўчарашні студэнт гістфаку Павал Мажэйка неяк сумна пазіралі на горад навокал, рыхтуючыся праз паўгадзіны ставіцца ў мясцовую спецкамендатуру, каб там ператварыцца ў асуджаных і “пайсці па этапу”, а горад жыў сваім звычайным жыццём, і неба не звалілася на зямлю. Мне разам са сваёй малою ў калясцы, нечакана пад час шпацару па Гродна спаткаўшы асуджанных журналістаў “Пагоні”, было неяк недарэчна і няёмка побач з імі, быццам я выпадкова трапіў на чыйсці крыжовы шлях. Мы павіталіся, перакінуліся некалькімі словамі і я з дачкою паспяшаўся схавацца ў скверы ад дакучлівай спякоты.

Раптам на памяць прыйшлі словы Эклезіяста, які таксама расчаравана акідваючы позіркам навакольнае жыццё, калісці сказаў: “Няма нічога новага пад сонцам…”. Прайшло амаль тры тысячы гадоў, а мы толькі можам паўтарыць гэтыя ж словы ўздагон за біблейскім прарокам.

“За панскую Польшчу” ў Гродна адбылося больш за дзясятак спраў над мясцовымі беларусамі, аднак за журналісцкую дзейнасць беларусаў спрабавалі судзіць толькі тройчы. З усталяваннем у канцы красавіка 1919 года польскай улады сюды з Вільні перабіраецца невялічкая грамада беларускіх эсэраў і пачынае актыўную дзейнасць, кепска хаваючы свае варожыя адносіны да Польшчы. «Чаго і каго баяцца? Смела за вольнасць народаў, за рэспубліку!» – Пісаў у сваім лісце ў Вільню да сяброў па партыі, заклікаючы прыехаць у Гродна для арганізацыі антыпольскага руху Янка Чарапук, які любіў падпісавацца псеўданімамі “Змагар” ці “Маратоўскі”, маючы на ўвазе Марата – правадыра французскай рэвалюцыі. Сярод тых, хто адгукнуўся на заклік Я. Чарапука былі Міхась Маркевіч і Томаш Грыб. 22 чэрвеня яны пачынаюць выдаваць газету «Родны край», якая выходзіла пад шыльдай Цэнтральнай беларускай рады Гродзеншчыны. На яе старонках друкаваліся Б. Тарашкевіч, П. Мядзёлка, В. Маслоўская-Матэйчук, аднак, канфлікт з польскімі ўладамі выклікаў надрукаваны ў адсутнасць Т. Грыба ягоным намеснікам М. Маркевічам 10 ліпеня ў шостым і апошнім нумары «Роднага краю» артыкул Я. Чарапука пад назвай «Правам ці мячом». У ім сцвярджалася, што «пры сучаснай уладзе польскіх паноў беларускі народ пазбаўлены самых элементарных правоў», а таму, каб іх здабыць, «трэба браць у рукі меч ці касу і ісці руйнаваць гнёзды аднагаловых і двухгаловых арлоў», якія расселіся на беларускай зямлі. Гэткія алегорыі не маглі прайсці незаўважанымі. Хутка ў Гродна адбылося шэраг арыштаў. Рэпрэсіі былі накіраваны супраць найбольш антыпольскі настроеных беларускіх дзеячаў. Былі арыштаваны П. Мядзёлка, К. Салошык, А. Фохт і Я. Натусевіч. Адначасова ў Вільне быў зняволены рэдактар газеты Т. Грыб, пазней пераведзены ў гродзенскую турму. Міхасю Маркевічу, як, дарэчы, і Я. Чарапуку, пазбегнуць арышту ўдалося і ён, згодна П. Мядзёлцы, некаторы час хаваўся ў гродзенскім жаночым манастыры.

Пачалося следства. Рэдактару газеты пагражала 4-5 гадоў турмы, а астатнім – ня больш двух. Беларускае грамадства ў Вільні і Варшаве выступіла ў абарону гродзенскіх дзеячоў. У Вільні К. Душэўскі і Карабач сустракаліся з Генеральным камісарам усходніх зямель Е.Асмалоўскім, які паабяцаў вызваліць Т. Грыба, аднак дадаў, што было б добра, каб беларусы “перакінулі яго ў Літву”. Антон Луцкевіч асабіста размаўляў па гэтай справе з Ю. Пілсудскім. Даволі хутка ўсе арыштаваныя апынуліся на волі, за выключэннем Т. Грыба, якога вызвалілі толькі ў лістападзе 1919 года пад залог. Справа “Роднага краю”, як сказалі б зараз, была “спушчана на тармазах”.

Больш чым год ў Гродне не было ўласнага беларускага выдання. І вось нарэшце, з 2 кастрычніка 1920 года пачынае выходзіць газета «Беларускае слова», першым рэдактарам якой стаў Вячаслаў Адамовіч-“Дзяргач”. «Наша мэта ясная, – абвяшчала “Беларускае слова”, – нашыя шляхі – простыя. Мы будзем змагацца, як ужо з даўніх часоў змагаецца лепшая частка беларускай інтэлігенцыі, за незалежнасць Беларусі...». 22 лістапада 1920 года пасаду рэдактара «Беларускага слова» замест ад’ехаўшага да зеленадубцаў В.Адамовіча займае Уладзімір Шалешка, а ўжо ў пачатку студзеня 1921 года газета была зачынена, а супраць рэдактара была ўзбуджана крымінальная справа за перадрукоўку ў “Беларускам слове” артыкула “Адна вера, ды не адзін народ” з адноўленай “Нашай нівы”. Ратуючыся ад турмы, У. Шалешка апынуўся ў Вільні, у якой на той час панаваў Л. Жэлігоўскі, адкуль пазней перабраўся ў Мінск.

У трэці раз гродзенскія беларусы трапілі пад суд летам 1929 года за аднаднеўку “Пралом” – выданне Гродзенскага акруговага праўлення ТБШ. Увесь наклад «Пралому», каля 2 тысячаў асобнікаў, па загаду старасты за артыкулы “Сход ТБШ адбыўся” і “Прычыны голаду” быў канфіскаваны польскай паліцыяй, а ягоныя аўтары – Н. Ламашэвіч, І. Баліцкі і інш., у мінулым актыўныя дзеячы БСРГ, а пасля кіраўнікі ТБШ, апынуліся за кратамі…

Ужо ў незалежнай Беларускай дзяржаве, праз семдзясят год пасля закрыцця польскай санацыяй апошняй беларускай газеты, у Гродна распачаўся чарговы працэс над беларускім выданнем. Усё паўтарылася, быццам бы ў крывым люстэрку, нават прозвішча: адзін Маркевіч змяніў другога. На гэты раз у якасці крамольных былі аб’яўлены артыкулы у “Пагоне” “Ідзем на выбары” ды “Ён – не Лукашэнка”, яе радактар і журналіст трапілі на “хімію”, а саму газету зачынілі…

…Калі спякота спала, мы выйшлі з малой са скверу, але журналістаў ужо не было на сходах палаца. Дапіўшы піва, Мікола з Паўлам пайшлі “здавацца” ў камендатуру. Перагарнулася яшчэ адна старонка гісторыі беларускай Гародні.


Першай гродзенскай беларускай газетай можна лічыць “Беларускі народ”, які пабачыў свет яшчэ ў нямецкую акупацыю на пачатак 1919 года і дажыў толькі да другога нумару. Вясной 1919 года выйшла некалькі нумароў “Бацькаўшчыны”, “Зоркі” і “Беларусі”, прычынай закрыцця якіх сталася банальнае безграшоўе. З усіх гродзенскіх беларускіх выданняў “Беларускае слова” мела найбольшую колькасць нумароў – больш за сто, тады як даўжэй за ўсіх, каля двух гадоў, выходзіла “Беларуская думка» пад рэдакцыяй Л. Лукашыка – з кастрычніка 1930 па 1932 год. Усяго некалькі нумароў налічвалі паланафільскія “Беларускі шлях”, “Сялянская гутарка”, “Беларуская доля” ды газеты леварадыкальнага накірунку: “Вясковы пралетары”, аднаднеўкі “Выстрал” і “Гудок”. Былі яшчэ спроба Л. Дзекуць-Малея на пачатак 1921 выдаваць беларускі баптыскі часопіс, і надрукаваны на гектографе М.Сарокам у красавіку 1930 года першы нумар газеты «Змагар» – воргана адноўленай партыі беларускіх эсэраў.


Мары аб Еўропе

На першы погляд, вядомы кожнаму гродзенцу гандлёвы дом па вуліцы Савецкай не можа мець нічога агульнага з беларускім нацыянальным рухам, хоць бы па той простай прычыне, што быў пабудаваны пасля вайны. Але, не будзем спяшацца. Сапраўды, сам універмаг наўрадці ўялўяе сабою гістарычную каштоўнасць. Аднак, нас хутчэй цікавіць не ён, а той будынак, які раней стаяў на гэтым месцы.

Менавіта тут у гатэлі “Еўропа” ці “Еўрапейскі” па вуліцы Дамініканская № 24 з 28 студзеня па 18 лютага 1919 года спыніўся тагачасны прым’ер-міністар і міністар замежных спраў ураду БНР Антон Луцкевіч (што праўда, спачатку ён пасяліўся ў “Метраполі”, зараз больш вядомам як будынак пасменнай школы, але пазней А. Луцкевіч кінуў халодны непрыветны гатэль і перабраўся ў “Еўропу” ). Назва гатэля як нельга найлепш адпавядала той мэце, якая прывяла Антона Луцкевіча ў Гродна. Абставіны складваліся гэткім чынам, што зараз лёс Беларусі залежаў ад прызнання яе правоў на незалежнае існаванне праз краіны-пераможцы ў Першай Сусветнай вайне, кіраўнікі якіх меліся сабраца пад час мірнай канферэнцыі ў Парыжы – цэнтры тагачаснага еўрапейскага палітычнага жыцця. Для гэтага беларусы павінны былі заявіць аб сабе, накіраваўшы ў Парыж уласную дэлегацыю. Тое, ці будзе яна там і ці здолее пераканаць Антанту ў дзяржаўнатворчых магчымасцях уласнага народу, азначала атрымае БНР прызнанне і падтрымку міравых дзяржаў, а разам з імі шанс трапіць на палітычную мапу пасляваенай Еўропы, альбо не. Трэба памятаць, што бліжэйшыя суседзі Беларусі з задавальненнем скарысталіся бы магчымасцью самім прадстаўляць беларусаў на канферэнцыі, каб іх імем рабіць сваі інтарэсы. Гэта была сваеасаблівая гонка, хто хутчэй трапіць у Парыж і пачне дыпламатычную працу ў мясцовых салонах пад час прыёмаў ды раўнтах, якую беларусы, судзячы па ўсім, пакуль праігравалі.

Прычыну, чаму БНР марудзіў з пасылкай уласнай дэлегацыі можна свясці да аднаго слова – грошы. Удзел у канферэнцыі быў справай каштоўнай і патрабаваў вялікіх сродкаў, якіх урад А. Луцкевіча не меў. У той час, калі большая частка Беларусі апынулася занятая бальшавікамі, адзінай крыніцай фінансавання гэткай важнай справы павінна была стаць замежная дапамога, якая магла прысці толькі з двух бакоў: ці з Літвы, ці з Украіны. Калі Чырвоная Армія пачала збліжацца непасрэдна да Вільні, куды напярэдадні пераехаў беларускі ўрад, заставалася толькі адно, перабрацца ў Гродна, дзе пакуль яшчэ былі нямецкія войскі, і чакаць. Чакаць грошы, і ў першую чаргу абяцаную яшчэ восенню дзяржаўную пазыку з Кіева, куды ўжо былі высланы А. Цвікевіч і А. Смоліч. Адначасова беларускі бок звярнуўся да літоўскага ўраду за пазыкай у 100 тысяч марак.

Паколькі нямецкія ўлады так і не прызналі БНР, беларускі прым’ер-міністр дабіраўся да Гродна з «аўсвайсам» літоўскага службоўца. “Выязджаем з Вільні, – запісаў 27 снежня 1918 года ў сваім асабістым дзённіку Антон Луцкевіч. – Сабраліся на вакзале ў восемь гадзін раніцы, бо немцы абяцалі даць вагон. Вагон гатоў, але ў ім сцюдзёна, няпалена, – вокны пабіты… Пераезд доўгі, цяжкі. Чыста скалеўшыя даяжджаем увечары да Гародні”.

Старшыня Рады Міністраў БНР амаль адразу вырашыў скіраваць галоўныя намаганні на падрыхтоўку да Парыжскай канферэнцыі. Антон Луцкевіч і сам не збіраўся надоўга заставацца ў Гродна. Ужо 30 снежня ён запісаў у дзённіку: «Выяснілі, што да Кіева праехаць можна, хіба скора скарыстаемся з гэтай магчымасці». А пакуль што А. Луцкевіч стаўся адной з галоўных постацей беларускага нацыянальнага руху ў горадзе, пры тым, што сам ён афіцыйна заставаўся ў баку ад ўсіх мясцовых беларускіх арганізацый. У першую чаргу, не маючы іншых магчымасцей спыніць заняцця палякамі Гродзеншчыны, Антон Луцкевіч піша адну за адною некальні нотаў пратэсту міністру замежных спраў Польшы ды дыпламатычным прадстаўнікам Амерыкі, Англіі, Францыі і Італіі. Адначасова ён перакладае кніжку М. Доўнар-Запольскага “Асновы дзяржаўнасці Беларусі”, удзельнічае у працы Гродзенскага БНК і павятовай рады, займаецца арганізацыяй беларускай школы. Тады ж у А. Луцкевіча нарадзілася ідэя закласці гарадскую беларускую партыйную арганізацыю ў якасці філіі Беларускай сацыялістычнай грамады.

У сярэдзіне студзеня прыйшла вядомасць аб тым, што літоўцы адмовліся даць пазыку ўраду БНР. Амаль адначасова прэм’ер атрымаў ліст ад А. Смоліча, які пісаў, што падаў «запіску ў [украінскую] Дырэкторыю аб пазыцы 4 мільёнаў на прадстаўніцтва, агітацыю і культурную справу і яшчэ 6 мільёнаў на войска». А. Луцкевіч ізноў зазбіраўся ў Кіеў, аднак у выніку замест яго туды паехаў В.Захарка з паўнамоцтвамі для А. Смоліча на атрыманне пазыкі ад украінскага ўраду.

“…Цяпер справа грошы, – чытаем у дзённіку А. Луцкевіча, – гэта справа нашай урадавай акцыі наогул: калі іх не будзе, дык хоць ты варочайся ў Вільню і працуй толькі культурна. Так і зраблю, калі не здолеем скуль-небудзь дастаць пазыку...». Тым часам, беларуская дэлегацыя прабівалася ў Еўропу па асобку. У пачатку лютага ў Парыж ад’ехаў генерал К. Кандратовіч. Праз тыдзень услед за ім адправіліся А. Азнабішын і Л. Баркоў. У А. Луцкевіча надзеі самому трапіць на канферэнцыю станавілася ўсё менш, і ён вырашае вярнуцца ў Вільню да хворага брата. Больш ў Гродне, здаецца, яго нічога не трымала. Мара аб Еўропе развеялася. 18 лютага 1919 года на падводзе, пазычыўшы валёнкі, з чамаданчыкам цукру і сала для хворага брата Івана ды кніжкамі А. Луцкевіч пакідае Гродна, так і не дачакаўшыся вестак ад А. Смоліча.

Ён не ведаў, што за тыдзень да гэтага з Роўна выехаў у якасці кур’ера штабс-капітан Барыс Шымковіч, які павінен быў перадаць прэм’ер-міністру БНР галоўную навіну: урад Украіны выдзяліў 4 мільёны карбаванцаў пазыкі ( амаль 3,5 мільёнаў амерыканскіх долараў ). Аднак да Гродна Б. Шымковіч не даехаў. Палякі арыштавалі яго на станцыі Лапы і перавезлі ў Варшаву. Яны былі перакананы, што той вязе з сабою ўкраінскія грошы...


Другая сталіца БНР

Здавалася б, яшчэ зусім нядаўна з усіх беларускіх устаноў у горадзе была толькі школка і раптам на пачатак 1919 года Гродна ператвараецца ў цэнтр нацыянальнага руху, а адных мясцовых беларускіх арганізацый ствараецца каля дзесятку. Больш таго, сюды пераносіць сваю працу беларускі ўрад, што дало магчымасць пазней назваць Гродна другою пасля Мінску сталіцай БНР.

…Пасля заняцця бальшавікамі Мінска, Рада міністраў БНР пераязджае ў Вільню, а ад туль у сярэдзіне снежня 1918 года – у Гродна, пры гэтым урад БНР падзяліўся: А. Цвікевіч і А. Смоліч, да якіх пазней далучыўся В. Захарка, па справах грашовай пазыкі апынуліся на Украіне, тады як А. Луцкевіч і Л. Заяц засталіся ў Гродна. 1 лютага 1919 года гродзенскі склад ўраду пашырыўся за кошт Кузьмы Цярэшчанкі, які заняў пасаду міністра ўнутранных спраў. Аднак, ужо 18 лютага А. Луцкевіч, у сувязі з ад’ездам у Вільню, склаў абавязкі старшыні Рады міністраў і міністра замежных спраў БНР на карысць А. Смоліча, а часовае кіраўніцтва ўрадам прыняў на сябе Л. Заяц.

Толькі на пачатак сакавіка 1919 года, калі Гродна апынуўся амаль са ўсіх бакоў асочаны польскім войскам, адбываюцца падзеі, якія па сутнасці ператварылі яго на некалькі тыдняў у неафіцыйную сталіцу БНР. Атрымаўшы ў сярэдзіне лютага 1919 года ад украінскага ўраду дзяржаўную грашовую пазыку, А. Цвікевіч, А. Смоліч і В. Захарка едуць у Берлін. Адтуль яны, падзяліўшы каштоўны груз, каб гэткім чынам збіць са следа палякаў, якія арганізавалі сапраўднае паляванне на ўкраінскія грошы, паасобку дабіраліся да Гродна. Адначасова Л. Заяц пасылае кур’ераў у Вільню да А. Луцкевіча. 10 сакавіка той тэрмінова вяртаецца ў Гродна, дзе зноў прыступае да спаўнення сваіх паўнамоцтваў у якасці старшыні Рады міністраў і міністра замежных спраў БНР.

Наступным з беларускіх урадаўцаў, праз чатыры дні, у горад з Коўна прыязджае А. Цвікевіч. Ранкам 15 сакавіка 1919 года адбылося, па сутнасці першае ў Гродна, пасседжанне Рады міністраў БНР з удзелам А. Луцкевіча, А. Цвікевіча, Л. Заяца і К. Цярэшчанкі, на якім было вырашана выехаць усім кабінетам у Берлін. Акрамя гэтага тады ж урад БНР пастанавіў узяць усе выдаткі па пахаванню гродзенскага беларускага настаўніка А. Грыкоўскага на свой рахунак.

Ужо наступнага дня замест Нямеччыны было вырашана ехаць у Інстэрбург, адкуль А. Луцкевіч павінен быў накіравацца ў Берлін, а ўсе астатнія – на перамовы з літоўскім урадам у Коўна. Адначасова планавалася адчыніць Генеральнае консульства ў Варшаве, каб атрымаць фармальнае прызнанне БНР з боку польскага ўраду. У гэтай справе было вырашына скарыстаць аўтарытэт і сувязі Рамана Скірмунта, які на той час таксама знаходзіўся ў Гродна. Р. Скірмунт быў прызначаны членам надзвычайнай замежнай дэлегацыі ўраду БНР і атрымаў паўнамоцтвы весці перамовы з урадам Польшчы аб назначэні ў Варшаву Генеральнага консула БНР.

На гэтым жа паседжанні К. Цярэшчанка як Міністр унутраных спраў БНР выступіў з дакладной запіскай аб арганізацыі на акупаванай палякамі і бальшавікамі тэрыторыі Беларусі камісарыятаў, якія б выконвалі ролю часовых адміністрацыйных органаў БНР. На чале губерніі прызначаўся камісар, два ягоных памочнікі і сакратар. Акрамя гэтага, планавалася заснаваць губернскі беларускі камітэт, які б складаўся з прадстаўнікоў паветаў, губернскіх беларускіх інстытутаў і ўсіх палітычных партыяў, якія стаялі на грунце беларускай дзяржаўнасці. Прадстаўнікі паветаў з’яўляліся б нягласнымі камісарамі ўраду БНР. Камісарам ураду БНР на Гродзенскую губернію вырашана было прызначыць П. Аляксюка, а ягонымі памочнікамі А. Якубецкага і Б. Квяцінскі. У сувязі з палітычнымі варункамі ў губерніі, П. Аляксюку прадпісвалася вясці працу патаемна, як ад акупантаў, так і ад мясцовых грамадзян. На пачатак працы камісарыяту было выдадзена 10 тысяч марак авансу.

Другім пасля А. Цвікевіча з Берліна ў Гродна прыехаў В. Захарка. 18 сакавіка адбываецца чарговае паседжанне ўрада БНР ужо з ягоным удзелам, на якім зноў абмяркоўвалася стварэнне губернскіх камісарыятаў. Наступнага дня ў горад прыбывае амерыканская місія, а з імі і апошні з сябраў украінскай дэлегацыі – Аркадзь Смоліч.

Нарэшце, 21 сакавіка беларускі ўрад збіраецца ў поўным складзе: А. Луцкевіч, А. Цвікевіч, К. Цярэшчанка, Л. Заяц, В. Захарка і А. Смоліч. Галоўным пытаннем паседжання была атрыманая ад украінскага ўрада пазыка ў ліку 4 мільёнаў карбованцаў, з якіх 100 тысяч украінскіх карбаванцаў і дзевяцьсот тысяч рублёў былі атрыманы гатоўкай і зданы В. Захарку, а яшчэ 3 млн. аўстрыйскіх кронаў – пераведзены ў Аўстра-Венгерскі банк, а перавадны ліст быў адданы А. Цвікевічу і пакладзены ў Вене на яго імя. Акрамя таго, 1,666 тыс. нямецкіх марак былі пераведзены ў Берлінэр Рэйхс-Банк, а перавадны ліст зданы ў Берліне В. Ластоўскаму. Усе грошы былі пакладзены на імя старшыні рады міністраў БНР А. Луцкевіча. Улічваючы фатальны фінансавы стан большасці беларускіх міністраў, няма нічога дзіўнага ў тым, што як толькі ўрадаўцы сабраліся ўсе разам, першае што яны зрабілі, гэта склалі «Выдатковую ведамасць на пэнсію і сутачныя радзе Народных міністраў БНР...». Цікава і тое, што частка грошаў з украінскай пазыкі заставалася ў Гародні да пачатку красавіка 1919 года.

У канцы сакавіка 1919 года ў клубе «Беларуская хатка» адбываецца ўрачысты вечар у гонар беларускага ўрада. У прызначаны час усе пакоі клуба аказаліся запоўненымі прадстаўнікамі самых розных слаёў насельніцтва Гародні. Першым выступіў Антон Луцкевіч. У сваёй прамове, тлумачачы прычыны хуткага ад’езду з гораду, ён звярнуўся да беларусаў з заклікам не кідаць працы на нацыянальнай ніве да часу, пакуль Беларусь не стане незалежнай.

Украінская пазыка адчыняла перад беларускім прэм’ер-міністрам дарогу на мірную канферэнцыю. 23 сакавіка А. Луцкевіч разам са А. Смолічам, А. Цвікевічам і Л. Зайцам выязджаюць з Гародні, трохі пазней ад’ехаў К. Цярэшчанка. Апошнім з беларускіх урадаўцаў у красавіку горад пакінуў В. Захарка.

Распачалася гісторыя ўраду БНР на выгнанні.


Пан міністр з Гродна

Знешне фасад былого Пушкінскага вучылішча амаль не змяніўся, калі не лічыць схаваўшайся за вуглом прыбудовы педагагічнага каледжу. Трэба толькі адысці некалькі крокаў ў глыбь скверу паміж вуліцамі Леніна і Будзённага і, гледзячы з гэткай перспектывы, ўявіць сабе, што над старым уваходам у будынак ветрык шпуляе літоўскі трыкалёр: жоўты, зялёны, чырвоны, а пад ім на сцяне вясіць герб Пагоня. Побач шыльда па-нямецку: “Litanische Regierung Ministerium fur Weissruthenische Angelegenheiten Grodno”, што ў прыблізным перакладзе на беларускую мову гучыць як “Міністэрства беларускіх спраў пры літоўскім урадзе ў Гродна”. Раптам дзверы адчыняюца і выходзіць малады чалавек, на выгляд год дваццаці сямі, апрануты ў касцюм вайсковага пакрою, але элеганта і з густам. На ягоным твары сталічнага журналіста, нейкі дзіўны выраз, быццам ён спіць на хаду, паўзажмурыўшы вочы. Гэта і ёсць пан міністар, а ў нядаўным мінулым – глава першага ўраду БНР Язэп Варонка…

Язэп Якаўлевіч Варонка быў знакавай фігурай беларускага руху, адным з ініцыятараў абвяшчэння БНР і першым старшынёй Народнага Сакратарыяту Беларусі – ураду БНР. Пайшоўшы ў адстаўку, ён у сярэдзіне 1918 года едзе ў Кіеў у складзе Надзвычайнай Дэлегацыі дзеля замежных спраў Рады БНР. Пасля рэвалюцыі ў Нямечыне, калі заняцце Мінску бальшавікамі становіцца справай некалькіх тыдняў, Рада БНР у пошуках падтрымкі накіроўвае Я. Варонка ў Вільню. У выніку перамоваў паміж Віленскай беларускай Радаю і літоўцамі было заключана пагадненне аб стварэнні ў складзе літоўскага ўрада міністэрства беларускіх спраў, на чале якога стаў сам Язэп Варонка. Паводле беларускіх гісторыкаў, міністэрства першапачаткова мела статус аўтаномнай адзінкі з урадавай беларускай мовай і з паўнамоцтвамі арганізаваць мясцовую адміністрацыю на тэрыторыі, дзе беларусы складалі пераважную большасць жыхароў. Аднак, самой пісьмовай дамовы не захавалася і гэта дало літоўцам пазней магчымасць сцвярджаць, што яны не якой аўтаноміі для беларусаў і не абяцалі.

На пачатак 1919 года ў Гродне, з усіх бакоў агардзіўшайся ад свету калючым дротам, фартамі ды ўмацаваннямі, схаваліся рэшткі дзесятай нямецкай арміі генерала Фалькенгейма. 3 студзеня разам з міністэрствам беларускіх справаў сюды прыязжае Я. Варонка, а ўжо 20 студзеня 1919 года, меньш чым праз год пасля ўтварэння БНР, ён выдае грамату з заявай аб тым, што Гродзеншчына з’яўляецца «часткай Літоўскай дзяржавы». На працягу наступных чатырох месяцаў міністэрства беларускіх спраў пераўтварылася па сутнасці ў адміністрацыйную адзінку літоўскага ўраду з цэнтрам у Гродна. Да сваіх дасягненняў за гэты час сам Язэп Варонка адносіў: “фармаванне Першага беларускага пяхотнага палка; зносіны з міністэрствам замежных спраў Літвы і адпаведныя крокі на месцы па польскаму пытанню, кантакты з замежнымі прадстаўніцтвамі, гэткімі як Л. Цыммерлі, С. Іваноў, амерыканская дэлегацыя і г.д.; арганізацыю Дзятлаўскага, Гродзенскага і Бельскага беларускага з’ездаў, павятовых рад і мясцовых беларускіх камітэтаў; урэгуляванне адносін паміж арганізацыямі, гэткімі як Управа і Павятовая рада; арганізацыю бюро па асведамленню і разведцы, якая пазней стала ядром контрразведкі літоўскай краёвай абароны; інфармаванне прэсы і нагляд за ёю; узаемаадносіны з нямецкімі ўладамі; прызначэнне павятовых камісараў; арганізацыя нагляду за мастамі праз р. Нёман; урэгуляванне патыння аб пераходзе чыгункі ад немецкіх уладаў да літоўцаў; арганізацыю перадачы пошты і нагляд за ёю; спробы адстаяць чугуначную маёмасць у бельскім, белавежскім і беластоцкім паветах ад палякаў; пошук і прызначэнне міравых суддзяў, зносіны па іх справах з нямецкімі ўладамі; барацьба за арганізацыю суда ў Гродна і Беластоку; юрыдычныя парады насельніцтву; барацьба з часовай гарадскою радай у Гародна; прызначэнне ляснічых; барацьба за Белавежскую пушчу і дрэваапрацоўчую маёмасць: лесапілкі, фабрыкі і г.д.; адкрыццё сталовых для бедных і бежанцаў; дапамога прыюту; адкрыццё бежанскага камітэту і дапамога ваеннапалонным; садзейнічанне пры арганізацыі бюро для рэгістрацыі спецыялістаў; прызначэнне школьных інспектараў; арганізацыя Гродзенскага школьнага саюзу; рассылка афіцэраў і тайных агітатараў; дастаўка літаратуры і г.д.; продаж тавараў і запасаў, застаўшыхся пасля немцаў”.

Акрамя гэтага, міністэрства беларускіх спраў стварыла ў Гродне камісію па арганізацыі мясцовай бібліятэкі, якая павінна была разам з археалагічнай камісіяй пры літоўскім урадзе заняцца зборам матэр’ялаў “з абгрунтаваннем літоўскай дзяржаўнасці”. Адначасова нямецкае камандаванне аддала загад, каб усе нямецкія жаўнеры, на кватэрах якіх знаходзяцца архівы ці кнігі, здавалі іх міністэрству, у выніку чаго ўдалося сабраць некалькі дзесяткаў тысяч старых кніг і дакументаў.

Час, адведзены міністэрству беларускіх спраў у Гродна падыходзіў да канца, разам з тым, як скончвалася эвакуацыя нямецкіх войскаў. Наўрадці Язэп Варонка спадзяваўся, што літоўская адміністрацыя на гэтых тэрыторыях пратрымаецца дольш за той момант, калі з полю зроку схаваецца апошні нямецкі вайсковы транспарт. 26 сакавіка 1919 года ён пакідае Гродна і разам з міністэрствам беларускіх спраў перабіраеца ў Коўню.

“Пад час ад’езду Я. Варонкі, – пісала газета “Бацькаўшчына”, – на вакзале быў пастроен з аркестрам на правым флангу пачотны каравул з салдатаў беларускага палку і беларускай гродзенскай камендатуры. У вагоне пану міністру быў паднесяны зварот і сказана напутственная прамова айцом І. Карчынскім. У 3 часа 59 хвілін пад звукі марсельезы вагон з міністрам беларускіх спраў адыйшоў ад станцыі…”.


Першы гродзенскі беларускі полк

Гродна нашых дзён. Свята трэцяй устаўной граматы БНР. У парку Жылібера, у самым цэнтры Гарадніцы, амаль што на фундаментах былога палацу Тызенгаўза, таўчэцца натоўп чалавек трыста-чатырыста пад забароненымі нацыянальнымі сцягамі. Шлях у цэнтар горада на плошчу перакрыты кардонам міліцыі, праз які святочнай калоне, у асноўным мясцовай беларускай інтэлігенцыі ў другім-трэцім пакаленні, не прабіцца. Час ідзе і трэба выбіраць у які бок рухацца далей. Улады падганяюць, загадваюць ісці да Каложы, на пустыр. І ў гэты момант пачынаеш разумець, наколькі нам, сучасным гродзенцам, нехапае ведання ўласных традыцый беларускага руху.

Капітан Мікалай Дзямідаў

Вось жа ён – Архіерэйскі дом, чырвоны, трохпавярховы будынак побач з плошчай, і шлях да яго вольны. Перад ім як раз хопіць месца, каб сабрацца ўсім. Дзе, калі не тут, павінна адзначацца свята Незалежнасці? Менавіта ў палацы праваслаўнага епіскапа Уладзіміра на пачатак 1919 года знаходзілася кватэра беларускай камендатуры і частка эскадрона Першага беларускага гродзенскага палку. На гэты гаўбец з прамоваю, а можа толькі папазаваць фатографу, выходзілі К. Езавітаў, Я. Варонка, М. Дзямідаў і над імі так сама луняў бел-чырвона-белы сцяг. Гаўбец і зараз выглядае як трыбуна, трэба толькі зайсці на яго, азірнуцца на людзей навокал і адчуць сабе нашчадкам годнай і добрай справы…

Свой пачатак Першы беларускі гродзенскі полк бярэ ў снежні 1918 года, калі ў Вільні было вырашана стварыць беларускія часткі ў складзе літоўскага войска. Першапачаткова літоўскім урадам планавалася арганізаваць адну беларускую брыгаду агульнай колькасцью ў 8-10 тысяч салдат. Тым часам да Вільні збліжаюцца бальшавікі і фарміраванне беларускага палка пераносіцца ў Гродне.

Першапачаткова для разбудовы палка не было ні сродкаў, ні адзення, ні памяшканняў. Першыя дні штаб палку знаходзіўся ў гатэлі, а большая частка салдат жылі па кватэрах. Беларускія часткі ў Гродна размяшчаліся ў крывой афіцыне пры Александраўскім плацу, у Сапёрных казармах – зараз вайсковы шпіталь, асобны батальён знаходзіўся па Жандармскаму завулку, а конны эскадрон М. Глінскага – у канюшнях С. Якавюка. Страявыя заняткі адбываліся на плошчы Аляксандра Неўскага, сучаснай Тызенгаўза. Прадукты, абмундыраванне, зброя закупаліся праз нямецкага каменданта горада. Грошы на ўтрыманне палка паходзілі ад літоўскага ўрада, а таксама з падаткаў, атрыманых ад мясцовага насельніцтва.

Калі і было ў Гродзенскім палку штосьці сапраўды беларускае, то толькі дзякуючы К. Езавітаву і К. Дзямідаву. Менавіта М. Дзямідаў, які безумоўна меў арганізатарскі талент, стварае асобны батальён, эскадрон гусараў, жандармерыю, чыгуначную, пачтовую і тэлеграфныя службы. Сваеасаблівая “беларусізацыя” палка пачынаецца з сярэдзіны сакавіка 1919 года разам з прызначэннем Кастуся Езавітава ягоным новым камандуючым. 27 сакавіка полк афіцыйна атрымаў назву Першага беларускага гродзенскага палка пяхоты. На пачатак красавіка 1919 года, калі распачынаецца эвакуацыя нямецкіх войск з Гродна, беларускія часткі ў горадзе налічвалі каля 500 чалавек.

Польскае Галоўнае камандаванне ўважліва сачыла за фармаваннем беларускіх частак, асцерагаюцыся, каб Гродна не пераўтварыўся ў другі Львоў, вакол якога ўжо некалькі месяцаў шлі зацятыя польска-украінскія баі, канчаткова папсаваўшы тым самым рэнамэ Польшчы на міжнароднай арэне. Скарыстаўшыся момантам, калі К. Езавітаў разам з літоўскай дэлегацыяй ад’ехаў на перамовы ў Варшаву, упаўнаважаны польскага Генеральнага штаба ў Гродна палкоўнік Нямірскі прапанаваў часоваму камандзіру палка А. Успенскаму заключыць пагадненне, з тым, каб беларускі полк не супраціўляўся ўваходу ў Гродна польскага войска. Той згадзіўся, аднак у адказ запатрабаваў ад палякаў прызнаць прыналежнасць палка да літоўскага ўрада і не ўмешвацца ў ягонае ўнутраннае жыццё.

24 красавіка ў горад вяртаецца К. Езавітаў, які катыгарычна выступіў супраць пагаднення з палякамі і загадаў тэрмінова эвакуаваць беларускія часткі з Гродна, аднак з Коўна прыйшоў загад з падцвярджэннем папярэдняй умовы, згодна якой полк заставаўся ў горадзе і пераходзіў пад частковае польскае камандаванне. К. Езавітаў заставалася толькі прачытаць гэты загад у прысутнасці ўсіх афіцэраў палка, пасля чаго, перадаўшы камандаванне палкоўніку Антонаву, ён ад’ехаў у Коўна.

Напярэдадні канчатковай эвакуацыі немцаў, у ноч з 26 на 27 красавіка штурмавы атрад Польскай арганізацыі вайсковай раззброіў эскадрон беларускіх гусараў. Салдат эскадрона пад вартай палякі адвялі вакольным шляхам у маёнтак Станіславова, дзе забарыкадаваліся ў палацы, выставіўшы перад брамай захоплены ў беларусаў кулямёт. 28 красавіка ў Гародню ўвайшлі польскія рэгулярныя часткі. На наступны дзень беларускі полк перайшоў у падначаленне польскага камандавання Гарадзенскай крэпасці.

Лёс Першага беларускага гродзенскага палка і, ў значнай ступені, усяго беларускага руху ў Гродне вырашыўся летам 1919 года. Роўна праз месяц пасля прыходу палякаў беларускі полк зменьшыўся амаль на палову і налічваў усяго 37 афіцэраў і каля 200 салдатаў. 1 чэрвеня каля 18.00 гадзін польская рота была выстраена насупраць штабу беларускага палка. З будынку беларускай камендатуры былі зняты беларускія і літоўскія штандары і шыльда з пагоняй, а афіцэры беларускага палку мелі здаць зброю каменданту крэпасці пад распіску. Адначасова ў казармах былі разброены салдаты, а ў начы жандармерыяй праведзены вобыск у кватэрах афіцэраў. Тым ня меньш, сам полк, як вайсковая адзінка, праз нейкі час яшчэ захоўваўся. Толькі 11 чэрвеня палякі выстраілі беларускі полк каля казарм і зрабілі пераклічку паводле іменных спісаў. Пасля гэтага жаўнеры-каталікі былі выдзелены асобна і адведзены ў польскія казармы, а ўсе астатнія атрымалі пасведчанне аб дэмабілізацыі. Афіцэры палка часова заставаліся ў рэзерве крэпасці з забаронай выязджаць з Гродна…

На гэтым Першы беларускі гродзенскі полк перастаў існаваць.

Берарускія гусары перад будынкам камендатуры
горада Гродна, вясна 1919 года. Цяпер будынак размешчаны па вуліцы Горкага 2

Спецыяльная літоўская місія праездам у Гродне, 18 красавіка 1919

Амерыканская місія маёра Росса на чыгуначным вакзале ў Гродне. 20 сакавіка 1919 года


Мартыролаг беларускай школкі ў Гродне

Адшукаць у Гродне ўсе адрасы, па якім у розныя часы знаходзілася беларуская школа, справа довалі ня простая. У першую чаргу гэта Барыса-Глебскі манастыр: на месцы сучаснага драматычнага тэатра з 1916 года дзейнічалі беларуская пачатковая, а трохі пазней – беларуская прытулкавая школкі. Тут жа восенню 1920 года адчынілася гродзенская беларуская гімназія, якая пасля перанеслася ў Архіерэйскі дом (зараз вул. Горкага 2/2). Зусім ня доўга, меньш за поўгады, праіснавала беларуская школа ў будынку былога Пушкінскага вучылішча (сучасны педагагічны каледж па вуліцы Леніна), адкуль яна была вымушана перабрацца на вуліцу Палявая (зараз вул. Карбышава 10), а адтуль – у былую Марыінскую гімназію (старое крыло дзяржуніверсітэту). Наступны будынак – Сапёрная 6 (сучасная Дзяржынскага, насупраць тэатра лялек). Апошні прытулак ажно да свайго закрыцця ў 1927 годзе школа знайшла па вуліцы Паўночнай. Зараз у гэтым будынку па адрасе Волковіча 1 філіял сельскагаспадарчага універсітэта. Вось тут і прыпынімся на хвілінку, каб узгадаць гісторыю беларускага школьніцтва ў Гродна.

Першая беларуская пачатковая школка з’явілася ў Гродне пад час нямецкай акупацыі ў красавіку 1916 года. На канец вайны ў Гродзенскім павеце існавала ўжо 17 беларускіх школак, з іх дзве – у самым Гродне. Усё змянілася, калі ў траўні 1919 года ў горад прыбыў прафесар львоўскай семінарыі Рафал Вазнякоўскі, які прыступіў да абавязкаў польскага школьнага інспектара. У выніку за кароткі час ягонай працы прозвішча Вазнякоўскі сталася сінонімам польскага прыслядавання беларускай асветы. Кульмінацыя супрацьстаяння польскіх школьных уладаў і мясцовых беларусаў прыйшлася на восень 1919 года, калі беларуская школа і настаўніцкі саюз былі выселены з будынка былога Пушкінскага вучылішча. Усё адбылося раптоўна. Пад час экзаменаў у беларускую школу ўламалася каля дваццаці ваеннапалонных на чале з вартаўніком польскага школьнага інспектара і пачалі забіраць усе школьныя рэчы. Пры гэтым, стораж веў сябе вельмі груба, лаяўся, нават піхнуў кулаком кіраўніка школы і дзвярыма пабіў руку вучыцелю.

Нягледзячы на ўсе цяжкасці, вясной 1920 года ў горадзе налічвалася ужо тры беларускія школкі: агульная, прытулкавая і занеманская. У гродзенскай агульнай беларускай школе працавалі Уладзімір Федарук, Іван Тарасевіч, Алена Грынкевіч, Уладзімір Шалешка і Усевалад Аляхновіч, у прытулкавай беларускай школе – Серафіма Кішка, Меланія Алюшкава, Ганна Кухарчук, Аўгенья Мальчэўская, у занеманскай школе – Дзяніс Мікалай і Драздоўскі Кастусь. Большасць з іх праслухала беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні.

Пад час кароткага панавання бальшавікоў летам 1920 года стан беларускага школьніцтва мала чым змяніўся. «Мы просім не літасцівую падачку, – пісалі настаўнікі ў мясцовы Раўкам, патрабуючы выплаты грошаў, – а законную, запрацаванную заплату... Далей так жыць не магчыма. …Неўвага да нашага становішча дасць нам повад думаць, што нам прыйдзецца і далей працаваць, не ў лепшых варунках, як пры пане Р. Вазнякоўскім...».

29 лістапада 1920 года ў Гродне стараннямі Б. Тарашкевіча і В. Іваноўскага адчынілася беларуская гімназія. У якасці настаўнікаў у ёй працавалі П. Тамашчык, В. Кулікоўскі, У. Курбскі, Я. Натусевіч, Трыпуза, А. Мальчэўская, Г. Кухарчук, М. Алюшкава С. Баран, Аляксандра Смоліч і праз кароткі час С. Рак-Міхайлоўскі. Для прыезжых вучняў пры гімназіі існавала «бурса», інтэрнат, па Ерусалімсай вуліцы (сучасная Антонава). Спіс рэчаў, якія трэба было прывозіць з сабою, каб пасяліца ў бурсе, быў даволі вялікі. У яго ўваходзілі: сорак фунтаў жытняй і дзесяць ячменнай мукі, дзесяць крупы, два фунта сала, свой ложак, сеннік і два камплекты спальнай бялізны… Сапраўды, шлях да ведаў быў для беларуса не просты.

Тым не меньш, польская ўлада толькі чакала на зручны момант, каб канчаткова скончыць з беларускім рухам наогул і ў першую чаргу - з беларускай адукацыяй. «У апошні час, – чытаем ў мемарыяле Гарадзенскага БНК, – пачалася кампанія супраць беларускай асветы. Так, напрыклад, кіраўнікамі беларускіх школ прызначаюць палякаў і ім выдаюць надбаўкі, тады як беларускія настаўнікі ніякіх даплат не атрымоўваюць. На гімназію наогул не адпускаецца ніякіх сродкаў і ў гэтым навучальным годзе яна не распачне заняткаў…». У выніку ў Гродзенскім павеце на 1921 год засталося толькі чатыры беларускіх школкі, тады як апошняя беларуская школа, у самым Гродне сваім прыкладам павінна была хутчэй адштурхоўваць бацькоў ад жадання аддаваць сюды сваіх малых. “Адзіная беларуская школа ў Гродне, – пісала “Сялянская праўда”, – знаходзіцца ў страшэнным заняпадзе. …Улады не дазваляюць адчыніць апошняй клясы, і вучні змушаны, каб скончыць школу, паступаць да польскай”.

Апошнія гады ў гродзенскай семікласнай беларускай школе працавалі: Мікалай і Марыя Андрушэвічы, М. Гаўрылюк, М. Жэжнеўская, З. Зеленьская, Я. Ярашэвіч і М. Ярмаловіч. Нязменным яе дырэктарам на працягу амаль шасці гадоў заставаўся Уладзімір Федарук. Ужо пасля ліквідацыі школы летам 1928 года ён з’яўляўся кіраўніком курсаў беларускай мовы для настаўнікаў мясцовых школ.

На прыканцы дваццатых гадоў пасольскі клуб «Змаганне» прадпрыняў не ўдалую спробу адрадзіць беларускую асвету ў горадзе і нават рабіў крокі па адкрыццю беларускай гімназіі! З гэтай мэтай у Гродне двойчы быў пасол Грэцкі, які даў даручэнне мясцоваму ТБШ знайсці адпаведнае памяшканне і дамовіцца з настаўнікамі, у тым, з ліку выпускнікоў Пражскага універсітэта. Аднак, адбыўшыся ў хуткім часе разгром беларускіх арганізацый не дазволіў здейсніць гэткія планы.

На гэты раз адраджэнне беларускай школы адбылося толькі з чарговым усталяваннем савецкай улады. Тым ня меньш, беларуская асвета, якую прынесла з сабою Чырвоная Армія, акзалася «дарам Данайцаў». Яе сапраўдны кошт стаўся зразумелым толькі зараз, калі ў беларускім Гродне не засталося ні воднай беларускай школкі...

Андрэй Чарнякевіч


Дадаць каментарый
Імя*:
E-mail:
Каментарый*:
адзін тры два восем - увядзіце гэты код лічбамі (цифрами)*


* - палі, абавязковыя да запаўнення

Апошнія каментарыі:

Лора Пліско-Баллі

12-06-2006, 19:41

Вялікі дзякуй Вам за вельмі цікавы і сапраўдны беларускі сайт! Я многа даведалася чытаючы вашы артыкулы. Спадзяюся, што я не адна такая. Чытаю і думаю, сколькі яшчэ беларусы спаць будуць? Пакуль не зьядуць Беларусь "дабразычлівыя суседзі"...

  
Праглядзець усе выказванні (Усяго 1)

Галоўная | Аналітыка | Артыкулы ў прэсе | Фотахроніка | Галерэя | Слаўныя імёны | Бібліятэка | Гасцёўня | Апошнія каментарыі | Статыстыка наведванняў

Архітэктура Гродна па-беларуску і па-руску Architektura Grodna po-polsku Architecture of Hrodna in English Architektur Garthen in Deutsch

Лірыка...


Лета


Горадня. Літара “Р”
Праракоча гарохам па вуснах.
Горад мой, цябе адчуваю
Кожным гукам і промнем святла.
Горача. Літара “Ч” – 
Да спіны сінтэтычная блюзка.
Я схавалась ад паху асфальту,
Я куток прахалоды знайшла.

Света Карпей

Дасылайце свае вершы пра Гародню


Помнік

Вул. Віленская

Слаўнае імя

Федарук Уладзімір Трафімавіч (1885 – ?)
дырэктар Гродзенскай беларускай школы, віцэ-старшыня Гродзенскай беларускай школьнай рады, сябра нацыянальных арганізацый у Гродне

Чытайце ў Бібліятэцы

Ю. Егоров. Градостроительство Белоруссии. Москва 1954
Глядзець


Рэканструкцыя - аднаўленне чаго-небудзь па апісаннях ці рэштках, якія захаваліся
(Тлумачальны слоўнік беларускай літаратурнай мовы, 1999)


Беларуская Інтэрнэт-Бібліятэка  KAMUNIKAT.ORG

Save Hrodna !

Моладзевы інтэрнэт-праект 'Твой стыль'

Нашыя дзеткі

Радзіма майго духу

МГА Гісторыка: Робім гісторыю разам !

Rating All.BY

ewropa.blox.pl

Архітэктура Гродна: гісторыя і сучаснасць