Дзекуць-Малей Лукаш (Лука) Мікалаевіч 1.10.1888 – 20.01.1955
адзін з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі, прасвітар беларускіх баптыстаў і прапаведнік, выдавец малітоўніка на беларускай мове, перакладчык рэлігійных тэкстаў
Нарадзіўся ў Слоніме, а па іншых звестках – у Слонімскім павеце. Атрымаў настаўніцкую адукацыю. Баптыст, быў слухачом двухгадовых біблейскіх курсаў у Пецярбургу. Сябра БПС-Р. У канцы 1918 года быў прызначаны літоўскім урадам камісарам крэйзу Крынкі–Лунна. Быў арыштаваны польскімі ўладамі 13 лютага 1919 года і ў красавіку 1919 года. Восенню 1919 года скончыў беларускія настаўніцкія курсы ў Вільні. У канцы 1919 года неаднаразова быў у Варшаве і Мінску. З 1921 года – сябра Беларускага таварыства дапамогі ахвярам вайны. З канца 1921 года жыў у Брэсце, дзе прапагандаваў баптызм. Яшчэ з 1920 года супрацоўнічаў з Грэгарам - кіраўніком баптысцкай місіі ў Лодзі. У маі 1922 года менавіта Л. Дзекуць-Малей хрысціў вядомага дзеяча “Зялёнага дубу” У. Ксяневіча-“Грача”. У 1920-1924 гадах пераклаў 17 рэлігійных брашур на беларускую мову, у тым ліку разам з А. Луцкевічам выдаў у 1931 годзе “Новы Запавет” і “Псалмы”. 19 чэрвеня 1941 года быў арыштаваны ў Брэсце органамі НКУС і прыгавораны да смяротнага пакарання. Вызвалены разам з прыходам нямецкіх войскаў. У гады вайны быў прасвітарам беларускіх баптыстаў на акупаванай тэрыторыі Беларусі. У 1942 годзе ў Мінску выдаў малітоўнік на беларускай мове. У 1943 годзе за дапамогу мясцовым яўрэям быў высланы нямецкімі ўладамі ў лагер працы ў Ліпяны каля Шчэціна. Удзельнічаў у ІІ-ім Усебеларускім кангрэсе. У 1944-1945 гадах жыў у Нямеччыне. З 1946 года – у Польшчы. З сакавіка 1947 года па сакавік 1949 года – баптыскі прапаведнік і акруговы прасвітар у Гданьску.
Удзельнік Гродзенскага беларускага сялянскага з’езду 15-16 снежня 1918 года, на якім быў абраны ў Гродзенскую павятовую раду і аргкамітэт па скліканню Краёвага беларускага з’езду. Прыязджаў у Гродна з Крынак 30 снежня 1918 года і 16 студзеня 1919 года. Сябра Камітэту нацыянальнага адраджэння Беларусі, клуба «Беларуская хатка». Адзін з ініцыятараў стварэння Грамады беларускай моладзі ў маі 1919 года. Скарбнік арганізацыі і акцёр яе драматычнай секцыі. 26 сакавіка разам з П.Аляксюком удзельнічаў у беларуска-польскіх перамовах у Гродне. З ліпеня 1919 года - старшыня Гродзенскай центральнай беларускай настаўніцкай рады, з чэрвеня 1920 года – Гродзенскай беларускай школьнай рады. Уваходзіў у склад прэзідыўма Цэнтральнай беларускай школьнай рады ў Мінску. Кіраўнік беларускага дзіцячага прытулку. Восенню 1919 года змяніў ад’ехаўшага П.Аляксюка ў складзе Гродзенскай гарадской рады. У сярэдзіне лістапада 1919 года адаслаў у Вільню пратэст ад імя гродзенскіх беларускіх арганізацый супраць літоўскіх замахаў на Гродзеншчыну. 20 лістапада 1919 года А. Луцкевіч перадаў пры сустрэчы Ю. Пілсудскаму сабраныя Л. Дзекуць-Малеям матэрыялы аб перашкодзе з боку польскіх уладаў у адкрыцці беларускіх школак на Гродзеншчыне. 29 лістапада 1919 года атрымаў ад А. Луцкевіча для беларускіх арганізацый Гродзеншчыны 25 тысяч марак. Тады ж, магчыма, хварэў на тыф і быў арыштаваны ў трэці раз. У пачатку 1920 года – сябра Гродзенскага БНК. 19 ліпеня 1920 года, падчас польскай эвакуацыі з Гродна, В. Іваноўскі выдаў яму з Цэнтральнай касы БНР 2 тысячы марак грашовага крэдыту. У канцы ліпеня – жніўні 1920 года Л. Дзекуць-Малей з’яўляўся кіраўніком пададдзелу яслей і прытулкаў пры аддзеле сацзабеспячэння Гродзенскага рэўкому. Паводле У. Шалешкі Л. Дзекуць-Малей узначальваў секту Гродзенскіх баптыстаў і, нават, выпускаў уласны баптысцкі друкаваны орган на беларускай мове. Летам 1921 года зноў арыштаваны і вывезены ў Беластоцкую турму.
Праціўнікам Л. Дзекуць-Малея ў Гродне выступаў Я. Антонаў, які абвінавачваў яго ў супрацоўніцтве з польскім школьным інспектарам Р. Вазнякоўскім. “Ад вучыцельскай Рады, - пісаў Я. Антонаў у 1921 годзе, - на чале якой… з дазволу інспектара Вазнякоўскага, пры дапамозе Аляксюка, часова стаяў Дзекуць-Малей, засталася толькі на дзьвярах картонная вывеска…, а ад усіх беларускіх школ – адна школа ў Горадні… Беларускія дзеячы цэнтру (Смоліч і інш.) прэзувелічана ацанілі прасветную (па несвядомасці, зразумела) дзейнасць Дзекуць-Малея і амаль адпушчалі срэдства ў яго распараджэнне. Вучыцелі Гродзеншчыны мне заяўлялі, што на школу ад Дзекуць-Малея нічога не атрымлівалі. У Менску ж сакратар Цэнтральнай беларускай вучыцельскай рады заяўлял мне, што Дзекуць-Малею выдадзена 40 тысяч марак на школу. У апошні час Дзекуць-Малей быў апекуном Гродзенскага дзіцячага прытулку і там аказаўся “вялікі перарасход” у апекаемай ім адзежы…”.
Быў жанаты на Серафіме Кішко, загадчыцы Гродзенскай прытулкавай беларускай школы. Меў траіх дзяцей: Серафіму (13.3.1928 г.н.), Альжбету (8.2.1929 г.н.) і Данеля (6.4.1930 г.н.).
Летам 1920 года жыў у Гродне па адрасе: вул. Сафійская, 4.
Поўны спіс імёнаў
Апошнія каментарыі:
|
|
Шаноўныя мадэратары,будзьце ласкавы,прыбярыце калі ласка камент-абразу што вісіць амаль два гады "Паганцы беларутэны" ,гэта абраза для іншых беларусаў. З павагай, Алекс. |
|
|
to zet000 Ганарыцца - прынамсі памятаць і паспрабаваць зразумець. Аднак і даваць ацэнку ўсяго, што было зроблена. А наконт паганцаў... Я амаль упэўнены, што Вам на самой справе напляваць на Другую Сусветную. Інакш, Вы б не карысталіся нацыскай лексікай! |
|
|
"1944 годзе быў абраны сябрам Беларускай цэнтральнай рады. Быў генеральным інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэрыторыі Германіі." - круто??????????????!!!!!!!есць чым ганарыцца, яўэ ўспомніця пра СС Беларусь ...паганцы беларутэны |
Праглядзець усе выказванні (Усяго 13)
|
|