Кандратовіч Кіпрыян (Цыпрыян) Антонавіч 28.04.1859– 31.10.1932
сябра народнага сакратарыяту БНР, Галоўнакамандуючы беларускай народнай арміі ў часы І сусветнай вайны
Незаконнанароджаны сын графа Юрыя Трубяцкога, павятовага суддзі. Маці – Зінаіда Залеская – дачка абшарніка, меўшага маёнтак Місевічы каля Зіневіч (зараз Лідскі раён), выйшла замуж на шляхціца Кандратовіча, чыё прозвішча і імя па бацьку Кіпрыян і атрымаў. Трубяцкія дапамагалі выхоўваць малога Кіпрыяна, далі магчымасць атрымаць адукацыю і пачаць вайсковую кар’еру. Вучыўся ў Лідскай павятовай дваранскай школе. Вайсковую службу пачаў у 1875 годзе ў Вільні. У складзе грэнадзёрскага корпуса браў удзел у руска-турэцкай вайне 1877 – 1878 гадоў, быў афіцэрам для асобых даручэнняў пры штабе. У 1884 годзе скончыў Мікалаеўскую Акадэмію генеральнага штаба. У 1884-1900 гадах супрацоўнічаў у газеце “Московские ведомости” у якасці вайсковага аглядальніка. Аўтар працы «Плеўна і грэнадзёры 28 лістапада 1877 года». У 1900-1901 гадах начальнік 2-й брыгады 30-й пяхотнай дывізіі. Летам 1900 года прымаў удзел у падаўленні паўстання баксёраў у Кітаі. Удзельнік руска-японскай вайны 1904-1905 гадоў. Камандуючы 9-й Усходня-Сібірскай дывізіі. Прымаў удзел у бітве ў Вафангоў 2 чэрвеня 1904 года. 13 студзеня 1905 года, падчас наступу расейскага 1-га Сібірскага корпусу, быў паранены на камандным пункце. Пасля выздараўлення, у канцы 1905 года атрымаў званне генерал-лейтэнанта. Паводле А. Ігнац’ева, “элегантны генштабист”. З 1906 года камандзір 2-га армейскага корпусу. 17 ліпеня 1906 года быў узнагароджаны Ордэнам Св. Георгія чацвёртай ступені. З 1907 (па іншых звестках – 1908) года намеснік Туркестанскага генерал – губернатара і адначасова намеснік камандуючага Туркестанскай вайсковай акругі, начальнік штаба Сямірэчанскага казачага войска. З 1910 года ў ранзе генерала ад інфантэрыі быў прызначаны камандзірам 1-га Каўказкага армейскага корпусу і намеснікам тыфліскага генерал-губернатара. Каля 1910 года пабраўся шлюбам з Адай фон Рыхтар (1879(?) – 1954) – дачкой расейскага генерала. У 1912 годзе ў ніх нарадзілася адзіная дачка – Вера. Перад Першай сусветнай вайной купіў маёнтак Гародна ў Лідскім павеце. Са жніўня 1913 года – камандзір 23-га армейскага корпуса. У жніўні 1914 года, пад час Першай сусветнай вайны, на чале корпуса прымаў удзел у Усходня-прускай аперацыі. Пасля паражэння расейскіх войскаў, адхілены ад камандавання корпусам. Паводле Л. Лаўрэша, пасля верасня 1914 года інфармацыя пра генерала К. Кандратовіча ў расейскім войску не знойдзена. У 1917 годзе далучыўся да беларускага нацыянальнага руху. Сябра Беларускай народнай партыі сацыялістаў. На з’ездзе воінаў-беларусаў Заходняга фронту быў абраны ў Цэнтральную Беларускую Вайсковую раду, дзе ўзначаліў аддзел па фармаванні беларускіх вайсковых частак. У канцы кастрычніка 1917 года ў складзе дэлегацыі воінаў-беларусаў Заходняга фронту выехаў у Стаўку для перамоваў з Вярхоўным галоўнакамандуючым генералам М. Духоніным аб арганізацыі беларускіх вайсковых фармаванняў. Атрымаў дазвол на стварэнне беларускага корпуса на Заходнім фронце, але ня здолеў прыступіць да яго рэалізацыі ў сувязі з бальшавіцкім пераваротам. З 12(14) красавіка 1918 года - сябра Рады БНР ад Беларускага народнага прадстаўніцтва. Вылучаўся ў склад Народнага сакратарыяту БНР у маі 1918 года. У чэрвені 1918 года ездзіў з Мінска ў Вільню, даставіўшы А. Луцкевічу ад Я. Варонка 5 тыс. руб. на выданне «Гомана». 10 лістапада 1918 года нямецкія ўлады ў Мінску далі згоду на фармаванне атрадаў народнай міліцыі начале з генералам К. Кандратовічам. У канцы лістапада 1918 года - Галоўнакамандуючы беларускай народнай арміі, першапачаткова ўзначаліваў фарміраванне беларускіх вайсковых частак. Магчыма, тады ж адбылася ягоная сустрэча з кіраўніком польскай самаабароны генералам В. Вейтко пад час якой было вырашана, што беларусы і палякі выступяць разам супраць бальшавікоў. Але хутка беларускія часткі пакінулі Мінск і пераехалі ў Вільню. Праз кароткі час (да 24 снежня 1918 года) – віцэ-міністр абароны Літвы. Вясной 1919 года ў складзе дэлегацыі ўраду БНР разам з А. Азнабішыным і Л. Барковым выехаў у Парыж. У другой палове 1919 года – у Берліне, дзе разам з Л. Барковым арганізаваў манархічна-патрыятычную рускую арганізацыю. 13 лютага 1920 года загадам старшыні Рады народных міністраў БНР быў выключаны са складу беларускай дэлегацыі ў Парыжы. Канчаткова сышоў з гэтай пасады загадам старшыні Парыжскай дэлегацыі А. Ладнова 31 мая 1920 года. Пазней вяртаецца на радзіму. Апошнія гады жыцця прайшлі ў сваім маёнтку Гародня, хварэючы на страту каардынацыі руху. Першапачаткова быў пахаваны на лідскіх праваслаўных могілках, а ў маі 2000 года труна генерала была перазахавана каля царквы ў Воранаве.
У Гродна генерал К. Кандратовіч прыехаў з Вільні 4 студзеня 1919 года. 22 студзеня 1919 года А. Луцкевіч выпісаў яму пасведчанне дэлегата ў Парыж. З гродзенскага дзённіку А. Луцкевіча: «Генерал Кандратовіч маецца ехаць у Парыж сваім коштам. Пры нашых рэсурсах гэта шчасцье». Ад’ехаў з Гродна ў Берлін 4 лютага 1919 года.
Поўны спіс імёнаў
Апошнія каментарыі:
|
|
Шаноўныя мадэратары,будзьце ласкавы,прыбярыце калі ласка камент-абразу што вісіць амаль два гады "Паганцы беларутэны" ,гэта абраза для іншых беларусаў. З павагай, Алекс. |
|
|
to zet000 Ганарыцца - прынамсі памятаць і паспрабаваць зразумець. Аднак і даваць ацэнку ўсяго, што было зроблена. А наконт паганцаў... Я амаль упэўнены, што Вам на самой справе напляваць на Другую Сусветную. Інакш, Вы б не карысталіся нацыскай лексікай! |
|
|
"1944 годзе быў абраны сябрам Беларускай цэнтральнай рады. Быў генеральным інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэрыторыі Германіі." - круто??????????????!!!!!!!есць чым ганарыцца, яўэ ўспомніця пра СС Беларусь ...паганцы беларутэны |
Праглядзець усе выказванні (Усяго 13)
|
|