Чарапук Янка Антонавіч 12.08.1896 – 16.11.1957
старшыня пецярбургскага культурна-асветніцкага таварыства вольных беларусаў, чыноўнікам па спецыяльных даручэнняў пры міністэрстве замежных справаў БНР, арганізатар Беларускай партыі незалежных рэвалюцыянераў, віца-старшыня Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады
Псеўд.: Змагар, Маратоўскі
Нарадзіўся ў м. Новы Двор Сакольскага пав. Гродзенскай губ. Скончыў Навадворскую школу. Вучыўся ў гімназіі Відэмана ў Пецярбургу. Паступіў на юрыдычны і эканамічны факультэты Пецярбургскага універсітэта. Пасля лютаўскай рэвалюцыі ў 1917 годзе быў сакратаром украінскай місіі ў Петраградзе. Пазней адкамандзіраваны да міністэрства замежных справаў Украіны. З 1918 года – сябра БПС-Р. У Петраградзе з’яўляўся старшынём Культурна-асветніцкага таварыства вольных беларусаў. У 1918 годзе ў Кіеве – сябра Беларускай рады на Украіне, арганізаваў Беларускую партыю незалежных рэвалюцыянераў. 23 студзеня 1919 года атрымаў пасаду надзвычайнага пасла БНР пры ўкраінскім урадзе. Сябра ЦБРВіГ, Рады БНР. Прадстаўнік ураду БНР у Нямечыне. 28 жніўня 1919 года прызначаны сакратаром місіі БНР у Латвіі і Эстоніі. 22 снежня 1919 года разам з М. Маркевічам і Р. Злоцкім быў арыштаваны літоўскімі ўладамі па дарозе з Берліна ў Латвію і пасаджаны ў Ковенскую турму, адкуль быў вызвалены толькі 21 студзеня 1920 года. Сябра рады беларускай калёніі ў Рызе. У сакавіку 1920 года – старшыня беларуска-латвійскай пагранічнай камісіі. Як прадстаўнік БПС-Р удзельнічаў у канферэнцыі беларускіх сацыялістычных партый 3-4 красавіка і канферэнцыі беларускіх дзяржаўных дзеячоў 1 чэрвеня 1920 года ў Рызе. У жніўні 1920 года – старшыня дэлегацыі БНР на канферэнцыі балтыйскіх дзяржаў у Рызе. Будучы ў Рызе, вёў неафіцыйныя перамовы ад імя беларускага ўраду з польскім паслом у Латвіі Каменецкім і старшынём польскай дэлегацыі на канферэнцыі Л. Васілеўскім, старшынём літоўскай дэлегацыі доктарам Шаўлісам, латвійскім міністрам замежных справаў Мейеровіцам. Уваходзіў у склад надзвычайнай дэлегацыі ўраду БНР у Маскву летам 1920 года, аднак быў вымушаны застацца ў Рэвелі «для звязі з урадам». У верасні 1920 года пад час польска-савецкіх перамоваў у Рызе неаднаразова сустракаўся з сябрамі польскай дэлегацыі, прапануючы Польшчы абвясціць незалежнасць Беларусі. У снежні 1920 года выключаны са складу БПС-Р. У 1921 годзе сакратар дыпламатычнага прадстаўніцтва БНР у Літве. У канцы 1920 – пачатку 1921 гадоў неаднаразоваў ездзіў з Коўна ў Вільню і Рыгу ў якасці сувязнога паміж урадам В. Ластоўскага і рознымі беларускімі групоўкамі. Удзельнічаў у беларускай нацыянальна-палітычнай нарадзе ў Празе 26-30 верасня 1921 года. Сябра Беларускай нацыянальнай сувязі. Летам 1922 года выехаў праз Гданьск у Амерыку, куды яшчэ раней пераехаў ягоны бацька. Спачатку жыў у Нью-Ёрку, Гранд Рапідз, пасля – у Чыкага. Летам 1923 года старшынём ураду БНР А. Цвікевічам прызначаны павераным у справах БНР у ЗША. Вайшоў у склад мясцовага Беларускага нацыянальнага камітэту. З 1923 года – старшыня рэвізійнай камісіі Беларуска-амерыканскай нацыянальнай асацыяцыі. Разам з Я. Варонкам, Я. Тарасевічам і А. Цікотай арганізаваў серыю лекцый сярод беларускіх эмігрантаў у ЗША. У 1928 годзе кіраўнік Беларускай арганізацыі ў падтрымку Альфрэда Сміта ў прэзідэнты [яна ж – Беларуска-амерыканскі нацыянальны клуб], сябра Беларускага нацыянальнага саюзу, з 1935 года – Беларуска-амерыканскага задзіночання. Віца-старшыня створаннай 27 кастрычніка 1941 года Беларуска-амерыканскай нацыянальнай рады. Да пачатку 1950-х гадоў заставаўся ў складзе кіраўнічага камітэту Рады.
На 1912 год вучыўся ў Гродзенскай гімназіі. Сябра Гродзенскага гуртка беларускай моладзі. Зноў у Гродне ў пачатку 1919 года. 1 лютага 1919 года быў прызначаны А. Луцкевічам «чыноўнікам для спецыяльных даручэнняў пры міністэрстве замежных справаў БНР». Паводле газеты «Беларусь» у сакавіку-красавіку 1919 года разгарнуў беларускую працу ў в. Новы Двор на Сакольшчыне, дзе стварыў арганізацыю пад назвай Беларуская працоўная грамада. У красавіку-маі 1919 года быў накіраваны К. Цярэшчанкам у Гродна ў якасці прадстаўніка ўраду БНР. «Чаго і каго баяцца? – Пытаўся ён у сваім лісце ў Вільню Т. Грыба і А. Якубецка і заклікаў прыехаць у Гродна для арганізацыі антыпольскага руху. – Смела за вольнасць народаў, за рэспубліку!» «Гродна ў беларускай справе засталося пустым месцам… - Пісаў Я. Чарапук у сваім дакладзе ўраду БНР ад 27 мая 1919 года. - Нашы патрыёты ад грашэй: П. Аляксюк два тыдні ўжо сядзіць, прыехаўшы з Варшавы ў Вільню і ўся няма; Вернікоўскі вечарамі сядзіць у хатцы за картамі, а днём ні духу, ні слуху. Панна Аляксючанка з ахвіцэрамі ўсіх рангаў і нацыяў спагулівае, а ўрад ей плаціць пэнсію. Іх высокасць Вернікоўскі падаюць да ўраду просьбу за асыгноўкамі. …І вось у мяне цяпер закіпела маратаўская кроў месці, як супроціў сваіх, так і чужых. Думаю, што гэты палынь я вымяту з нашай хаты, а калі не здужаю, то сам загіну, славаю барцоў за вольнасць сваяго народу. Дзеля гэтага, - працягваў ён далей, - я склікаю ў Гродне паседжанне ўсіх дзеячоў з Гродзеншчыны, выключаючы толькі правую групу, а Аляксюку праз едучых у Вільню я перадаю, каб ён прыехаў, бо так да грамадзянскай працы адносіцца ня можна. У Радзе [БЦРГ] пануе бязлад, неарганізаванасць, але гэткі хаатычны фронт мною выраўняецца ў найлепшы бок… Я прэдпрыняў крокі, каб злучыцца ўсім сацыялістам дзеля супольнай барацьбы…». Вясной 1919 года супрацоўнік Гродзенскіх беларускіх газэт «Беларусь» і «Родны край». Аўтар артыкулу «Правам ці мячом» у № 6 газеты «Родны край» за 10 ліпеня 1919 года, які прывёў да закрыцця газеты польскімі ўладамі і арыштаў сярод мясцовых беларусаў. 2 сакавіка 1921 года ў лісце В. Ластоўскаму Я. Чарапук пісаў, што збіраецца ў Гродна, каб адшукаць жонку В. Захаркі, якая, па звестках, там знаходзілася. 20 кастрычніка 1921 года ён у якасці сакратара Гродзенскага БНК разам з С. Баранам звярнуўся з пратэстам супраць таго, што ўрад Літвы працягвае субсідзірваць дзейнасць Гродзенскай управы, частка сябраў якой пераехала ў Коўна.
Магчыма, летам 1919 года жыў у Гродне па адрасе: вул. Каложская, 11-8.
Поўны спіс імёнаў
Апошнія каментарыі:
|
|
Шаноўныя мадэратары,будзьце ласкавы,прыбярыце калі ласка камент-абразу што вісіць амаль два гады "Паганцы беларутэны" ,гэта абраза для іншых беларусаў. З павагай, Алекс. |
|
|
to zet000 Ганарыцца - прынамсі памятаць і паспрабаваць зразумець. Аднак і даваць ацэнку ўсяго, што было зроблена. А наконт паганцаў... Я амаль упэўнены, што Вам на самой справе напляваць на Другую Сусветную. Інакш, Вы б не карысталіся нацыскай лексікай! |
|
|
"1944 годзе быў абраны сябрам Беларускай цэнтральнай рады. Быў генеральным інспектарам «беларускага вызваленчага войска», якое фарміравалася на тэрыторыі Германіі." - круто??????????????!!!!!!!есць чым ганарыцца, яўэ ўспомніця пра СС Беларусь ...паганцы беларутэны |
Праглядзець усе выказванні (Усяго 13)
|
|