Вул. Астроўскага №15 14 ліпеня 2008 года
1930-я. Драўляны, трохпавярховы. Стыльны прыклад канструктывізму. 2 катэгорыя.
Дом доктара Беклемішава, дом унтэрштурмфюрэра СС Эрыха Шота. У красавіку 1940 г. гаспадар быў арыштаваны ворганам НКУС. Калі сям'ю доктара Беклемішава вывозілі, зь ім разьвітвалася ўся вуліца. Шмат рэчаў, якія яму ўжо не спатрэбіліся-б у высылцы, доктар параздаваў сваім знаёмым, суседзям і колішнім пацыентам. Падчас нямецкай акупацыі маёмасьць рэпрэсаванага савецкімі ўладамі доктара заняў унтэрштурмфюрэр СС Эрых Шот. У доме эсэсавец трымаў вялікага бульдога. Сабака быў добра натрэнэраваны і хапаў свае ахвяры мёртвай хваткай. Зазвычай ён любіў сядзець ля дзьвераў свайго гаспадара. Таму па вуліцы побач з хатай унтэрштурмфюрэра трэба было праходзіць павольна, бяз рэзкіх рухаў, каб ня выклікаць агрэсію ня менш грознага сабакі… Летам 1944 г. падчас савецкага наступленьня дом разрабавалі ізвозчыкі, большая частка якіх паходзіла зь Пярэселкі – адной з тагачасных гарадзкіх ускраін, так што і да гэтага часу хто-нехта з гарадзенцаў перахоўвае антыкварыят з кватэры нацыскага ката.
|
|