– Ці памятаеш,
як нас запрасіла гісторыя
і мы сустрэліся ранкам
каля замка Баторыя?
На нас не зірнулі сфінксы
Аўгуста Трэцяга з брамы.
Падышлі да руін,
прыселі
на скляпенняў строгія рамы.
Як быццам здалёк аднекуль,
з глыбінь таемных вякоў,
забіты ў семнаццатым веку,
апошні рыкае тур.
Глядзелі на левы бераг,
адтуль напор крыжакоў
спіхнуў плечуком каменным
у Нёман магутны мур.
У фарным касцёле апосталы
пяты век выступаюць на сходзе.
Каторы з раскрытай кнігай,
да цябе падобны, Валодзя.
…Тут Браніслаў Тарашкевіч
наіўныя добрыя вочы
сляпіў у турэмнай цалі,
запісваў нам правілы
беларускай граматыкі,
каб памылкі паправілі,
што натварылі, наспех
натуючы апаўночы справы…
Ігнат Дварчанін,
другі беларускі пасол,
за езуіцкім мурам
прадаўжаў сваю сцежку вязня.
І Піліп Сямёнавіч Пестрак
па-блазенску з трыбуны лясне:
– У Гародню ездзіць люблю,
у турме тут карміў прусоў.
Ад вуліцы Каліноўскага –
чыстага бору струна.
Снуецца з Нёмана горад,
як ніткі з верацяна.
Данута Бічэль-Загнетава
|