Апошнія блікі рахманнага дня
За вёску лясную Ласосны запалі.
На неба ўсплыў месяц, лягла цішыня,
Заслаўшы сівымі абрусамі далі.
І чутна, як ціха пяшчотна вада
Цалуе ля замка сівыя граніты.
На кручы - Каложа ў задуме, адна
Маячыць, бы прывід, смугою спавіты.
Начамі ёй сняцца мінулыя дні -
Прад ёю крыжакаў драпежныя зграі.
Мячы, бы маланкі, палаюць агні -
Лютуе захопнік у Прынёманскім краі.
І бачыць, як лютых прыблудаў вядуць
Бялявыя воі на конях буланых.
І чуе, як трубы Гародні гудуць
У знак перамогі над госцем нязваным.
Апанас Цыхун
|