Сяджу перад Фарным касцёлам
пры Богу на лаўцы.
Гародня віруе наўкола
на пляцы.
Стараецца час незваротны.
Яму не належаць
Анёлы спрадвечнай Гародні
на вежах.
І выгнаны з дому сабачка
і люд гэты просты...
і я і пад Крыжам жабрачка-
мы сёстры...
Але прыбядняцца чаго там!
Мая гэта лаўка.
Звініць ва мне боская нота
і ласка.
Данута Бічэль